Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У санктуарыі ў Тракелях праходзяць адпустовыя ўрачыстасці. 7 ліпеня 2023 года пешыя пілігрымкі з Гродна, Навагрудка і Іўеўскага дэканату прыбылі ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў. Святую імшу для пілігрымаў цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Затым галоўнае ў праграме – урачыстая працэсія і начная Эўхарыстыя. Цэнтральную святую Імшу ў суботу цэлебруе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Завершыцца фэст у нядзелю.

Абвешчаны новы пробашч катэдральнай парафіі ў Мінску і шэраг іншых прызначэнняў. 6 ліпеня 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручыў адпаведныя дэкрэты. Паводле рашэння арцыпастыра, ксёндз канонік Антоній Клімантовіч прызначаны пробашчам парафіі ў Заслаўі. А на месца яго папярэдняга шматгадовага служэння пробашчам архікатэдральнай парафіі ў Мінску прызначаны ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, які да гэтага служыў у Заслаўі.

Mалітву за жыхароў горада ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі ў Дзятлаве. 3 ліпеня ў мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з нагоды 525-й гадавіны заснавання горада адбылася малітва ў інтэнцыі яго жыхароў. На святой Імшы, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прысутныя прасілі Пана Бога аб згодзе, міры і дабрабыце для ўсіх жыхароў не толькі Дзятлава, але і ўсёй краіны. На літургіі прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады.

Папскі пасланнік павёз у Рым з Беларусі незвычайны падарунак – спіс абраза Маці Божай Будслаўскай з каронамі, якія выкананы ў традыцыйнай беларускай тэхніцы пляцення саломкай. Гэта – праца мінскай мастачкі Таццяны Сурмачэўскай. Разам з мужам Ігарам яны падарылі ікону арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці на ўрачыстасцях у Будславе, куды іерарх быў скіраваны як спецыяльны пасланнік Папы Францішка.

Гродзенскі тэалагічны каледж распачаў набор навучэнцаў. Сярод галоўных мэтаў каледжа імя святога Казіміра – умацаванне веры, паглыбленне рэлігійных ведаў, падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці. Навучэнцы каледжа змогуць атрымаць веды па тэалогіі, Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, філасофскіх навуках, псіхалогіі, педагогіцы, катэхетыцы і іншых дысцыплінах.

Збор Марыйных абразоў, які благаславіў Папа Францішак, працягвае перэгрынацыю па парафіях Беларусі. Пасля вяртання на радзіму з Рыма абразы прыбылі ў парафію святога Станіслава ў Даўгінаве. Гэтая парафія стала першай у краіне, дзе вернікі маюць магчымасць ушанаваць спіс цудадзейнага абраза Маці Божай Нястомнай Дапамогі разам з іншымі 15-ю вядомымі выявамі Багародзіцы, якія благаславіў Папа Францішак.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

08 ліпеня 2023, 10:44