Пошук

2023.07.27 banner intenzioni preghiera papa agosto in lingua bielorusso

У жніўні Францішак запрашае маліцца за моладзь

27 ліпеня 2023 года было абнародавана відэа, у якім Францішак асабіста агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на жнівень. Яна звязана з правядзеннем Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

“Калі я іду ў касцёл у сваім раёне, бачу толькі пажылых людзей. Няўжо Касцёл цяпер – гэта выключна занятак для пажылых”, - такое пытанне да Папы гучыць у пачатку відэа. Яго адказ просты: “Калі Касцёл стане клубам для старых, яму наканавана памерці. (...) Моладзь патрэбна Касцёлу, каб не старэць”.

Відэаролік з малітоўнай інтэнцыяй Святога Айца, даручанай усяму Каталіцкаму Касцёлу праз Сусветную малітоўную сетку, у гэтым месяцы быў зроблены ў супрацоўніцтве з Фондам Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне і Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Францішак дае адказы маладым людзям з Філіпін, Бразіліі і Кот-д’Івуара. Гэта пытанні без фільтра: ці не ператвараецца Касцёл у "справу для пажылых”; чаму тэмай Сусветных дзён моладзі была абрана Марыя; чаго сам Папа чакае ад моладзевага форуму ў Партугаліі?

Адказы Францішка вельмі адкрытыя. Ён тлумачыць, што стаўленне Марыі з’яўляецца ўрокам для ўсіх яе равеснікаў, таму што “як толькі яна даведалася, што стане Маці Божай, не стала рабіць сэлфі ці красавацца", а "перш за ўсё паспяшыла служыць, дапамагаць".

У відэа Папа дзеліцца сваёй марай “убачыць у Лісабоне зерне свету будучыні”: свету, у якім любоў – у той час, калі "мы знаходзімся ў стане вайны" – і радасць – "таму што калі ў нас, хрысціян, няма радасці, то мы не заслугоўваем даверу" – займаюць цэнтральнае месца.

“Памолімся, каб Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне дапамаглі маладым людзям вырушыць у шлях і сваім жыццём сведчыць аб Евангеллі”, - агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на жнівень Францішак.
 

27 ліпеня 2023, 16:23