Пошук

Цырымонія адкрыцця Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне Цырымонія адкрыцця Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Афіцыйная статыстыка Сусветных дзён моладзі 2023 года

Для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі зарэгістравалася 354 тысячы пілігрымаў. Найбольшую колькасць складаюць іспанцы (77 224), італьянцы (59 469), партугальцы (43742), французы (42 482) і грамадзяне ЗША (19 196).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дадзеныя былі прадстаўлены партугальскімі арганізатарамі каталіцкага моладзевага форума. Яны падкрэслілі, што гэтыя лічбы не ахопліваюць людзей, якія бяруць удзел у сустрэчы без папярэдняй рэгістрацыі. Таксама не ўлічваюцца вернікі, якія будуць удзельнічаць у святой Імшы, якую Францішак узначаліць 6 жніўня ў Лісабоне на заканчэнне СДМ, бо прыйсці на яе змогуць усе жадаючыя.

Паводле мясцовай паліцыі, у агульнай колькасці ў партугальскай сталіцы збярэцца каля 1,2 мільёна ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі.

У арганізацыі форума дапамагаюць каля 25 тысяч валанцёраў, большасць з якіх паходзіць з Партугаліі, Іспаніі, Францыі, Бразіліі і Калумбіі. Прыехала 688 біскупаў, сярод якіх 30 кардыналаў: з Італіі – 109, з Іспаніі – 70, з Францыі 65, з ЗША – 61, з Партугаліі – 36.

На сустрэчы каталіцкай моладзі працуе каля 5 тысяч журналістаў. 28 618 маладых пілігрымаў з розных частак свету прыняла 8831 лісабонская сям’я. Забеспячэнне ўдзельнікаў СДМ пасілкамі ажыццяўляецца дзякуючы супрацоўніцтву 1800 пунктаў харчавання. У рамках форума пройдзе каля 600 падзей на 90 розных пляцоўках з удзелам 2500 артыстаў.

Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне сталі найбуйнейшымі па колькасці прадстаўленых краін. У сталіцы Партугаліі прысутнічаюць маладыя людзі з усіх дзяржаў свету, за выключэннем Мальдываў. З нагоды форума было пасаджана 17 980 дрэваў.
 

04 жніўня 2023, 09:45