Пошук

Напружаннасць у Эфіопіі Напружаннасць у Эфіопіі 

Біскупы Эфіопіі: пачалася новая вайна

“Новая вайна пачалася раней, чым мы здолелі пакаштаваць плады перамір’я”, - напісалі каталіцкія біскупы Эфіопіі ў спецыяльным паведамленні.

Ян Глінскі

У лістападзе 2022 года, пасля двух гадоў Грамадзянскай вайны, урад Эфіопіі і Народны фронт вызвалення Тыграй падпісалі перамір’е. Аднак нядаўна ў рэгіёне Амхара адбыліся сутыкненні паміж урадавай арміяй і мясцовым узброеным апалчэннем Фано, якія ўзмацніліся ў пачатку жніўня.

Як паведамляе агенцтва Fides, епіскапат Эфіопіі заклікае да вырашэння спрэчкі шляхам дыялогу. Іерархі нагадалі пра колькасць фізічных, эканамічных, псіхалагічных і сацыяльных ран, якія яшчэ застаюцца ў краіне пасля апошняй вайны. Адначасова іерархі заклікалі распачаць пост перад урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, што адзначаецца там 22 жніўня.

На існаванне нявырашаных праблем пасля канфлікту ў Тыграі перад абліччам новых выклікаў з прычыны баявых дзеянняў у Амхары, таксама звярнула ўвагу міжнародная арганізацыя Save the Children. Пасля нядаўняй вайны 580 тысяч чалавек па-ранейшаму застаюцца ўнутранымі бежанцамі. Як падкрэслілі ў арганізацыі, хваля гвалту, якая распаўсюджваецца па іншай частцы Эфіопіі, пагражае ўсім, асабліва дзецям.

Канфлікт у Тыграі доўжыўся каля двух гадоў. Цяперашняя спрэчка паміж узброеным апалчэннем Фано і дзяржаўнымі ўладамі вынікае з жадання ўрада раззброіць любыя рэгіянальныя арганізацыі, не звязаныя з арміяй пасля заканчэння апошняй вайны. Дадзенае рашэнне было абвешчана ў красавіку. Баевікі з Амхары, аднак, асцерагаюцца, што гэта прывядзе да паслаблення пазіцый іх рэгіёна ў федэральнай структуры Эфіопіі. Таму ад вясны здараюцца новыя сутычкі.

11 жніўня 2023, 10:10