Пошук

Кардынал Джорджыа Марэнга Кардынал Джорджыа Марэнга  (Vatican Media)

Кардынал Марэнга: Пантыфік носіць у сэрцы людзей з перыферыі

“Хто ведае, можа, калісьці гэтае зярнятка стане вялікім дрэвам”, - адзначыў настаяцель салезіянаў у Манголіі ксёндз Люн Кон Чыу, каментуючы візіт Папы Францішка ў гэтую краіну.

Ян Глінскі

Хрысціяне Манголіі прывіталі Пантыфіка 31 жніўня 2023 года. Як падкрэсліў місіянер, рашэнне Святога Айца выклікае здзіўленне, бо каталіцкая супольнасць у гэтай азіяцкай краіне яшчэ зусім маладая і невялікая. Да гэтага Францішак надаў кардынальскую годнасць мясцоваму біскупу. “Усё гэта паказвае нам, што мы важныя для Папы, нават калі апостальская прэфектура не мае вялікіх памераў. Хто ведае, можа, калісьці гэтае зярнятка стане вялікім дрэвам”, – разважаў ксёндз Чыу.

Як патлумачыў кардынал Джоржыа Марэнга, Апостальскі прэфект Улан-Батара, непасрэдным імпульсам для прыезда Францішка было запрашэнне ад Прэзідэнта Манголіі Ухнаагійна Хурэлсуха. Спецыяльная дэлегацыя ўручыла яго Папу асабіста ў жніўні 2022 года. “Святы Айцец адразу вельмі ўсцешыўся гэтаму”, - падзяліўся ўспамінамі іерарх.

Як дадаў кардынал, перыферыя, як досвед маргінальнасці і меншасці, займае асаблівае месца ў сэрцы Францішка. “Наша супольнасць можа прапанаваць паўсюднаму Касцёлу дар свежасці, дар веры, блізкай да рэчаіснасці: у яе распараджэнні няма вялікіх сродкаў, а толькі прысутнасць уваскрослага Хрыста, яна вядзе дыялог, клапоціцца пра найменшых. Вельмі цікава, што Касцёл у Манголіі, з аднаго боку, здаецца вельмі адлеглым, а з іншага – праз зацікаўленасць Святога Айца становіцца больш блізкім. Той факт, што Наступнік святога Пятра цікавіцца гэтым невялікім статкам, паказвае нам як наш Пан носіць у сэрцы ўсіх, а таксама тых, хто жыве ў менш знаных геаграфічных рэгіёнах”, - сцвердзіў мангольскі кардынал.

“Цікавая таксама сустрэча такой старадаўняй рэчаіснасці як традыцыя Каталіцкага Касцёла з навізной невялікай супольнасці вернікаў, якая змагаецца са шматлікімі цяжкасцямі, але яе ажыўляе вялікая надзея на будучыню. Я веру, што гэтае падарожжа сапраўды прынясе дар сяброўства паміж вельмі рознымі народамі, а таксама сведчанне салідарнасці і надзеі для гэтага народа, для Манголіі”, - дадаў іерарх.
 

31 жніўня 2023, 22:08