Нікарагуа: езуіты асудзілі прымусовае закрыццё ўніверсітэта
Марыя Валодзіна - Vatican News
Айцец Артура Соса, генеральны настаяцель езуітаў, накіраваў ліст салідарнасці айцу Хасэ Дамінга Куэстэ, правінцыялу ордэна ў Цэнтральнай Амерыцы. У сваім пасланні ён выказаў боль і здзіўленне ў сувязі з несправядлівым рашэннем рэжыму Нікарагуа і нагадаў, што ўніверсітэт, якім Таварыства Езуса кіруе з 1960 года, дасягнуў значнага прагрэсу ў служэнні краіне.
Кіраўнік ордэна езуітаў далучыўся да патрабаванняў спыніць агрэсію супраць універсітэта і яго супрацоўнікаў, адкрыўшы "шляхі для дыялогу", заснаваныя "на праўдзе, свабодзе і праве моладзі і ўсяго народа Нікарагуа на якасную адукацыю".
Генеральны настаяцель назваў абвінавачванні супраць універсітэта цалкам фальшывым і беспадстаўным паклёпам і падкрэсліў, што кіраўніцтву было адмоўлена ў праве на абарону.
У выніку рэзкага пагаршэння адносін з рэжымам Нікарагуа пасля масавых антыўрадавых пратэстаў 2018 года Каталіцкі Касцёл стаў аб'ектам неаднаразовых нападаў. Прэзідэнт краіны Артэга назваў грамадскія пратэсты спробай дзяржаўнага перавароту, падтрыманай біскупамі і замежнымі дзяржавамі з мэтай яго звяржэння.
Біскупы і святары падвергліся пераследу і запалохванню, некаторыя з іх былі вымушаныя пакінуць краіну. У лютым 2023 года быў пазбаўлены грамадзянства і асуджаны на 26 гадоў турэмнага зняволення біскуп Раланда Альварэс.
У 2022 годзе ўрад Нікарагуа выслаў апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Вальдэмара Зомертага, а ў красавіку 2023 года Святы Пасад закрыў сваю нунцыятуру ў Манагуа, прыпыніўшы па просьбе ўрада дыпламатычныя адносіны.