Пошук

Арцыбіскуп Губертус Матэус Марыя ван Мэген Арцыбіскуп Губертус Матэус Марыя ван Мэген 

Нунцый у Паўднёвым Судане: Касцёл вяртае людзям надзею

Касцёл у Паўднёвым Судане дапамагае вярнуць надзею народу гэтай краіны, змучанаму вайной, племяннымі і этнічнымі канфліктамі, беднасцю і кліматычнымі зменамі, - заўважыў арцыбіскуп Губертус Матэус Марыя ван Мэген.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Апостальскі нунцый у Паўднёвым Судане пракаментаваў у інтэрв’ю Vatican News нядаўняе падарожжа ў гэту краіну кардынала П’етра Параліна. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы здзейсніў яго з 14 па 17 жніўня 2023 года.

Гаворачы пра палітычную частку візіту, ён заўважыў, што бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца абмеркаваў пытанні міру і справядлівасці з Прэзідэнтам Паўднёвага Судана Салвам Кіірам Маярдзітам і Віцэ-Прэзідэнтам Рыекам Мачарам. Гэта былі важныя перамовы, бо палітыкі належаць да двух найбуйнейшых этнічных груп, якія канфліктуюць паміж сабой: першы да народу Дзінка, а другі – Нуэр.

Візіт кардынала Параліна быў таксама выразам салідарнасці з мясцовым насельніцтвам. Ён наведаў Малакаль на поўначы краіны – горад, які да грамадзянскай вайны налічваў каля 150-200 тысяч жыхароў, але быў амаль цалкам разбураны ў выніку баёў. На цяперашні момант у ім пражывае не больш за 20 тысяч чалавек.

Побач з горадам размясціўся лагер для бежанцаў, створаны спецыяльнай місіяй ААН. У ім знаходзяцца людзі, якія ратаваліся ад трох няшчасцяў: гвалту племянных канфліктаў; паводак, якія ўзнікалі цягам трох апошніх гадоў з-за разліцця Нілу; а таксама бежанцы, якія ўцяклі ў суседні паўночны Судан, а цяпер вярнуліся на радзіму, бо і ў гэтай краіне распачалася жорсткая вайна.

“Кардынал прыбыў туды, каб паглядзець на рэальнасць, каб зразумець пакуты людзей, каб быць побач з імі, каб паказаць ім салідарнасць Касцёла”, - сказаў арцыбіскуп ван Мэген, падкрэсліваючы, што Каталіцкі Касцёл адыгрывае важную ролю ў дапамозе гэтым людзям, якія ў многіх выпадках згубілі ў выніку вайны ўсё, што мелі.

“Не толькі католікі і хрысціяне, але таксама і мусульмане знаходзяць у Касцёле знак надзеі, знаходзяць абдымкі, знаходзяць таго, хто намагаецца дапамагчы ім, выслухаць іх, даць ім есці, хто дапаможа мець дах над галавой. Кардынал пажадаў быць з гэтымі людзьмі і думаю, што таксама для яго было важна зразумець іх пакуты, якія мы, заходнікі, часта не разумеем. Мы кажам пра любоў і салідарнасць, але гэта можна зразумець толькі ўбачыўшы крайнія пакуты людзей, калі бачым наколькі неабходна ім наша любоў і салідарнасць. У гэтым сэнсе візіт стаў для ўсіх нас свайго роду навяртаннем сэрца, каб стаць бліжэй да гэтага народу, які патрабуе нашай дапамогі”, - сказаў папскі дыпламат.

Нунцый перакананы, што візіт кардынала Параліна, а таксама нядаўні візіт Папы, дапамаглі людзям у Паўднёвым Судане лепш усвядоміць іх прыналежнасць да паўсюднага Касцёла, прыналежнасць да вялікай Божай сям’і, якая выходзіць за племянныя рамкі.

“У Папу і Касцёле католікі знаходзяць новую тоеснасць, якая выходзяць за рамкі племянной. Я думаю вельмі важна, каб людзі разумелі, што ёсць нешта большае за племя, што ў каталіцкай веры, у хрысціянстве, у служэнні аднаму Богу, яны могуць знайсці новую тоеснасць”, - дадаў арцыбіскуп ван Мэген.

Прадстаўнік Святога Айца зазначыў таксама важнасць візітаў высокіх гасцей з Ватыкана з пункту гледжання прыцягнення міжнароднай ўвагі да сітуацыі у Паўднёвым Судане. “Па прычыне іншых канфліктаў у розных частках свету існуе тэндэнцыя забыцця пра Паўднёвы Судан, пра адну з краін, якая найбольш пакутуе ад канфліктаў і прыродных катаклізмаў. У гэтым сэнсе візіты Папы і кардынала Параліна былі вельмі важнымі, каб зноў прыцягнуць увагу на гэтай краіны, самай маладой краіны ў свеце, якая вельмі патрабуе нашай дапамогі і салідарнасці”, - падкрэсліў арцыбіскуп Губертус Матэус Марыя ван Мэген.
 

24 жніўня 2023, 11:33