Папа атрымаў ліст, які малады кармеліт, напісаў перад смерцю
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Малады іспанец памёр 15 ліпеня 2023 года пасля пяцігадовай барацьбы з саркомай Юінга, злаякаснай пухлінай косткі. На борце самалёта па дарозе ў Лісабон Францішак атрымаў ліст ад журналісткі Radio Cope Эвы Фернандэс. Ён прызнаў, што знаёмы з гэтай гісторыяй.
Пабла, пішучы ліст, ведаў, што можа не дажыць да таго моманту, калі тэкст перададуць Папу. “У такім выпадку я спадзяюся, што Бог дазволіць мне дапамагаць Святому Айцу з неба”, - напісаў ён, дадаючы, што з вопыту ведае – немагчыма патушыць унутраны агонь, які можа разгарэцца ў сэрцы маладога чалавека, закаханага ў Езуса. І паабяцаў маліцца, каб гэтае полымя любові гарэла ў Лісабоне. “Як бы я хацеў, каб моладзь пазнала Езуса, майго Любага”, - прызнаўся Пабла.
Сваю хваробу ён лічыў часткай Божага плану і, як сам казаў, яна не была цэнтрам яго жыцця, бо сапраўдным цэнтрам быў Хрыстус. “Праз пакуты сярод хваробы я сустрэў Бога і праз смерць, выкліканую хваробай, іду да Яго. І за гэта дзякую Яму”, - сказаў іспанец сваякам.
Хвароба не была для яго перашкодай у рэалізацыі паклікання. Змагаючыся з саркомай, ён адчуў заклік маліцца за тое, каб моладзь спазнала Божую любоў. Ён таксама распазнаў сваё пакліканне да манаскага жыцця і ўступіў у Ордэн кармелітаў, дзе прыняў імя Пабла Марыя дэ ла Круз. Праз некалькі дзён пасля паступлення яму было дазволена скласці манаскія абяцанні. Цырымонія адбылася ў шпіталі ў Саламанцы, за некалькі дзён да яго смерці. Ён адышоў у вечнасць напярэдадні ўрачыстасці Маці Божай з гары Кармель, 15 ліпеня 2023 года.