Пасланнік Францішка на мірнай моладзевай канферэнцыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Міжнародны сімпозіўм адбудзецца 25-27 жніўня 2023 года ў Падуі і Венецыі. У ім будуць браць удзел каля тысячы маладых людзей з трынаццаці еўрапейскіх краін, у тым ліку ўкраінская моладзь з Кіева, Львова і Івана-Франкоўска.
У праграме сустрэчы дыскусіі на тэму шляхоў міру, экалогіі, міграцыі, беднасці, культуры салідарнасці і інтэграцыі. Да ўдзельнікаў сустрэчы звернецца былы Міністр замежных спраў Італіі Марыа Джыра. Кардынал Матэа Дзупі, спецыяльны пасланнік Папы па спрыянні дасягненню міру паміж Украінай і Расіяй, узначаліць малітоўнае чуванне. У апошні дзень форума яго ўдзельнікі правядуць флэш-моб на плошчы святога Марка ў Венецыі.
Сімпозіўм арганізаваны моладзевым рухам Супольнасці святога Эгідзія. Гэта арганізацыя аб’ядноўвае маладых людзей, якія штодзённа працуюць на перыферыях, дапамагаючы дзецям з нешчаслівых кантэкстаў, бяздомным, самотным пажылым людзям, а таксама праводзяць летнікі салідарнасці ў лагерах бежанцаў на Кіпры і ў Грэцыі.