Патрыярх Лісабона: СДМ прынясе плёны Касцёлу ў Партугаліі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
75-гадовы іерарх прызнаўся, што найбольшае уражанне падчас СДМ на яго зрабілі тры элементы: простая, спантанная і чыстая радасць удзельнікаў форума; іх прыгожая і моцная вера; а таксама прароцтва аб новым свеце, ужо прысутнае сярод нас у абліччы моладзі. “Яны будуць будучыняй свету”, - перакананы кардынал.
Патрыярх Лісабонскі падкрэсліў, што быў моцна крануты атмасферай малітвы і цішыні, якую стварылі амаль 1,5 мільёна маладых вернікаў падчас эўхарыстычнай адарыцыі на вігілійнымі чуванні ў перадапошні дзень Сусветных дзён моладзі. “Касцёл у Партугаліі атрымае плёны ад гэтага”, - сказаў ён.
Кардынал Клементэ, які на ўсіх мерапрыемствах форума суправаджаў Святога Айца, заўважыў, што сустрэча станоўча паўплывала таксама на Папу. “З кожным момантам ён адчуваў сябе ўсё лепш і шчаслівей. Я бачыў яго задаволеным”, - дадаў іерарх.
Нагадаўшы пра вялізарную працу па падрыхтоўцы СДМ, ён заўважыў, што прадпрынятыя намаганні прынеслі цудоўныя вынікі. “Я веру, што памяць пра гэту падзею застанецца ў нашым Касцёле ў Партугаліі як своеасаблівы напамін пра тое, як магчыма працаваць, бо мы атрымалі досвед таго, наколькі цудоўныя рэчы ў нас атрымалася зрабіць”, - сцвердзіў Патрыярх.
На думку кардынала, галоўным плёнам СДМ павінна стаць пакаленне, якое прымала ўдзел у падрыхтоўцы падзеі на працягу некалькіх апошніх гадоў, у тым ліку падчас пандэміі, з усімі цяжкасцямі, якія яна несла з сабой. “Гэта стварыла тут звычку працаваць разам, працаваць на карысць добрай справы”, - адзначыў 75-гадовы іерарх.