Пошук

Сустрэча прэзідэнта Ізраіля Герцага з Патрыярхам Іерусалімскім і прадстаўнікамі Цэркваў Сустрэча прэзідэнта Ізраіля Герцага з Патрыярхам Іерусалімскім і прадстаўнікамі Цэркваў  (Latin Patriarchate of Jerusalem)

Патрыярх Піцабала абмеркаваў пытанні бяспекі з прэзідэнтам Ізраіля

8 жніўня 2023 года прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг наведаў з прыватным візітам кляштар Стэла Марыс у Хайфе, дзе сустрэўся з Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Візіт салідарнасці адбыўся неўзабаве пасля ўварвання яўрэйскіх радыкальных груповак у гэтую хрысціянскую святыню. У сустрэчы з прэзідэнтам і яго дэлегацыяй прынялі ўдзел будучы кардынал П'ербатыста Піцабала, кармеліты Хайфы, Патрыярх Іерусалімскай Праваслаўнай царквы Тэафіл, а таксама біскупы і кіраўнікі мясцовых Цэркваў. Яны выказалі сваё задавальненне сустрэчай, накіраванай на ўстанаўленне больш цесных адносін узаемаразумення і мірнага суіснавання.

Акрамя таго, патрыярхі і кіраўнікі Цэркваў Іерусаліма сустракаліся з ізраільскай паліцыяй, каб забяспечыць прыняцце неабходных мер для прадухілення падобных інцыдэнтаў у будучыні. “Мы будзем працягваць дамагацца абароны святынь на ўсіх узроўнях. Мы просім усіх маліцца за мір у нашай краіне, спрыяць развіццю культуры дыялогу і мірнага суіснавання”, - гаворыцца ў паведамленні Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма.

Паведамляецца таксама, што прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас павіншаваў Патрыярха Піцабалу з новым прызначэннем кардыналам, якое, па яго словах, з'яўляецца “крыніцай гонару” для ўсіх жыхароў горада, як хрысціян, так і мусульман. “На нас ляжыць вялікая адказнасць – працаваць у імя справядлівасці і міру ў рэгіёне”, - дадаў ён, пацвердзіўшы свае нязменныя намаганні па дасягненню міру для палестынскага народа. Напрыканцы прамовы прэзідэнт Абас перадаў прывітанне Францішку, пажадаўшы яму моцнага здароўя і благаслаўлення.

10 жніўня 2023, 12:49