Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
На фэст у гонар Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішын прыйшлі дзве пешыя пілігрымкі. 11-12 жніўня 2023 года ў гэтым санктуарыі Пінскай дыяцэзіі адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці. З гэтай нагоды былі арганізаваны дзве чатырохдзённыя пілігрымкі: з Баранавічаў і з Бярозы. Адметнасцю сёлетніх урачыстасцяў стала святкаванне 110-й гадавіны асвячэння цяперашняга касцёла-санктуарыя ў Лагішыне, які быў адбудаваны пасля разбурэння папярэдняй святыні.
У гродзенскую семінарыю прынялі чатырох новых студэнтаў. 10 жніўня 2023 года па выніках уступнага экзамена ў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю залічаны кандыдаты з парафій у Навагрудку, Глыбокім, Наваполацку і Браславе. Такім чынам, сёлета ў семінарыю паступілі адразу тры верніка з Віцебскай дыяцэзіі. Адказныя за фармацыю будучых святароў у Беларусі запрашаюць да малітвы ў інтэнцыі новых семінарыстаў, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і моладзь з Беларусі ўзялі ўдзел у заключнай Імшы Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. Эўхарыстыю з удзелам Папы Францішка 6 жніўня 2023 года канцэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які ў Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі з’яўляецца адказным за моладзь. Арцыпастыр асабіста суправаджаў юнакоў і дзяўчат на сусветным моладзевым форуме, актыўна беручы ўдзел у праграме СДМ.
Урачыстасці з удзелам пілігрымаў прайшлі ў санктуарыі ў Росі. 5 жніўня 2023 года ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Езуса Журботнага прыбыла пешая пілігрымка з Гродна, у якой удзельнічала каля 250 чалавек, а таксама пілігрымка з Мастоў. У гаміліі падчас святой Імшы кусташ санктуарыя ксёндз Чэслаў Паўлюкевіч заахвоціў разумець знакі, якія дае кожнаму Бог. Святар падкрэсліў, што хрысціяне павінны пастаянна змяняцца да лепшага, моцна верачы ў Езуса Хрыста, і што гэтыя змены павінны здзяйсняцца згодна са знакамі часу.
У Крывічах адзначылі 225-годдзе з часу з’яўлення ў мясцовай святыні цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага. 6 жніўня 2023 года, у свята Перамянення Пана, у парафіі святога Андрэя, апостала дзякавалі Богу за славутую цудамі фігуру Збаўцы, якая была прывезеная ў Крывічы з трынітарскага кляштара на Антокалі, прадмесці Вільні. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх засяродзіўся на духоўным значэнні свята Перамянення Пана.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.