Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Браславе прайшлі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў. 18-19 жніўня 2023 года пілігрымы сабраліся ў гэтым санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі. Свята пачалося канферэнцыяй і аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў, затым адбылася святая Імша з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі, пасля – Крыжовы шлях і ружанцовая малітва. Урачыстасці працягнуліся начной Імшой, набажэнствамі і завяршыліся ў суботу ўрачыстай святой Імшой на палявым алтары.

Мінскія вернікі прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях у латвійскай Аглоне, дзе быў паблагаслаўлены новы абраз для збора найбольш шанаваных у Беларусі ікон Багародзіцы. 14-15 жніўня пілігрымка з парафіі святога Сымона і святой Алены даставіла збор абразоў у латвійскі Нацыяльнальны санктуарый, там ардынарый Аглоны біскуп Яніс Буліс благаславіў копію іконы Маці Божай Аглонскай, якая стала 17-м абразом у экспазіцыі, што перыгрынуе па парафіях Беларусі. Разам са зборам ікон мінскія вернікі прынялі ўдзел ва ўрачыстай працэсіі, падчас свята выступіў парафіяльны хор Чырвонага касцёла Голас душы.

У катэдры ў Магілёве з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адзначылі адпустовую ўрачыстасць. 15 жніўня 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Урачыстая цэлебрацыя сабрала ў галоўнай святыні горада вернікаў і святароў з розных куткоў Магілёўшчыны. Парафіяльны фэст працягнуўся пачастункам, танцамі і канцэртам, у якім паўдзельнічаў таксама арцыбіскуп Станеўскі.

Мінскі тэалагічны каледж прапануе паслядыпломную адукацыю для выпускнікоў. Абвешчаны набор на новы навучальны год. Паслядыпломная адукацыя дае магчымасць атрымання такіх кваліфікацый як куратар пілігрымак, касцёльны сурдаперакладчык, супрацоўнік каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі, кантар, катэхет. Анлайн-рэгістрацыя кандыдатаў для паслядыпломнай адукацыі працягваецца да 25 верасня 2023 года.

У Магілёве прайшоў майстар-клас па мастацтве іканапісу для ўсіх ахвотных. 16-19 жніўня 2023 года пры парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі айцы дамінікане ўжо трэці раз зладзілі такія варштаты для аматараў сакральнага жывапісу. У мінулыя гады ўдзельнікі майстар-класу стваралі ўласныя версіі іконы Марыі Абранніцы Духа Святога і святой каралевы Ядзвігі. Сёлета ўдзельнікі майстар-класу пад кіраўніцтвам спецыяліста пісалі абразы святога Дамініка.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

19 жніўня 2023, 07:47