Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Бялынічы вырушыла пешая пілігрымка з Магілёва. На працягу двух дзён, 9-10 верасня 2023 года, паломніцтва будзе ісці да месца, якое славіцца цудадзейным абразом Мацi Божай, ушанаваным папскімі каронамі. Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў Бялынічах узначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

225-годдзе з часу заснавання Мінскай дыяцэзіі адзначылі ў сталіцы. 2 верасня 2023 года ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі святкаванне распачалося з гістарычнага сімпозіума, пасля быў прадстаўлены новаствораны герб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У межах святкавання адбылася цырымонія ўзнагароджання – граматы атрымалі прадстаўнікі каталіцкіх СМІ, супрацоўнікі дабрачынных арганізацый, удзельнікі малітоўных рухаў і евангелізацыйных супольнасцей, актыўныя парафіяне. Кульмінацыяй стала святая Імша.

У Будславе святкавалі 240-ю гадавіну пасвячэння касцёла. 7 верасня 2023 года арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч ўзначаліў ўрачыстую цэлебрацыю ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У юбілей кансэкрацыі святыні разам памаліцца перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай сабраліся святары, законныя сёстры, мясцовыя вернікі і пілігрымы.

У Гудагаі адзначылі адпуст у свята Нараджэння Маці Божай. З нагоды фэсту 8 верасня 2023 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай цэлебравалі дзве адпустовыя святыя Імшы і правялі Эўхарыстычную працэсію. Свята працягнецца ў нядзелю – Эўхарыстыяй і Крыжовым шляхам на самай вялікай у Беларусі Кальварыі.

На Залатой Горцы ў Мінску прайшло начное чуванне моладзі. У касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у ноч з 2 на 3 верасня 2023 года сабраліся звыш ста маладых вернікаў з розных парафій Беларусі. Касцёл – дом для моладзі: моладзь, яе служэнне і роля ў сучасным Касцёле – такой была тэма чування. Святую Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, гамілію прамовіў айцец Яўген Голуб. Ён адзначыў, што Бог запрашае рознымі шляхамі ісці за Ім, не ўтойваючы цяжкасці гэтай дарогі, дзеля таго, каб кожны мог адкрыць паўнату сваёй чалавечнасці.

У касцёле езуітаў у Віцебску біскуп Алег Буткевіч благаславіў мемарыяльную дошку ў памяць айца Станіслава Памыкалы. 3 верасня 2023 года ў касцёле святога Ігнацыя адбылася малітва аб супакоі для душы спачылага святара ў першую гадавіну яго смерці. Біскуп Віцебскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, на якой сабраліся знаёмыя, супрацоўнікі і былыя парафіяне айца Станіслава з усяго горада.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

09 верасня 2023, 11:14