Біскуп Буткевіч: у 90-я Renovabis першай падставіла нам плячо
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Біскуп Алег Буткевіч прымае ўдзел у Кангрэсе Renovabis, што праходзіць у гэтыя дні ў Мюнхене. Гісторыя адраджэння касцёльных структур, манаскіх супольнасцей, саміх храмаў у Беларусі непарыўна звязана з гісторыяй ініцыятывы Renоvabis, якая адной з першых дапамагала ўзняцца хрысціянскай веры на пачатку 1990-х.
“Мы як раз у мінулым годзе святкавалі юбілей адраджэння Касцёла ў Беларусі, менавіта гэта час інтэнсіўнага супрацоўніцтва з Renovabis, якая нам дапамагла ў справе адбудовы. Мы на мюнхенскай сустрэчы хочам сказаць словы падзякі за дапамогу”, - прызнаўся іерарх.
За 30 гадоў ініцыятыва салідарнасці католікаў Германіі з хрысціянамі Усходняй Еўропы ажыццявіла амаль 26 тысяч праектаў у дзясятках краін, але хоць фінансавая дапамога мае вялікую ролю, у першую чаргу за дзейнасцю дабрачыннай арганізацыі стаіць нашмат большы сэнс, падкрэсліў беларускі іерарх.
“У першую чаргу, што мы можам вынесці з гісторыі супрацоўніцтва, – дык гэта сведчанне адкрытасці чалавека, сведчанне гатоўнасці дапамагаць і ўпэўненасці выправіць тыя памылкі, якія былі зроблены. За аднаўленнем храмаў стаіць аднаўленне жывога Касцёла, стаяць вернікі, якія бачаць падтрымку, міласэрнасць, веру, бо матывацыя, якая кіруе гэтай арганізацыяй – гэта супрацоўніцтва веры”, - дадаў біскуп Буткевіч.
Віцебскі пастыр нагадаў, што кожны праект, падтрыманы Renovabis у Беларусі, мае вялікую вагу. Гэта адбудова архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, Касцёла святога Антонія ў Віцебску, арганізацыя адпачынку дзяцей і моладзі, часта з малазабяспечаных сем’яў, дапамога ў душпастырскай справе, у адукацыі вернікаў.
Нягледзячы на падтрымку звонку, сёння Касцёл у Беларусі вучыцца разлічваць на свае сілы.
“Перад намі стаіць важнае заданне: навучыцца даваць сабе раду, выходзячы з тых умоў, у якіх мы знаходзімся, навучыцца шукаць самастойна сродкі для функцыянавання, адказна і дысцыплінавана падыходзіць да арганізацыі любых уласных праектаў, якія дапамогуць развівацца Касцёлу”, - патлумачыў біскуп Буткевіч.
27-мы Кангрэс Renovabis праходзіць у Мюнхене з 12 па 15 верасня 2023 года, на форуме сабраліся госці са шматлікіх краін Еўропы.