COMECE занепакоена рэзалюцыяй аб рэчывах чалавечага паходжання
Марыя Валодзіна - Vatican News
Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) і Камісарыят нямецкіх біскупаў у Берліне апублікавалі 12 верасня 2023 года сумесную заяву , у якой выказалі сваю глыбокую занепакоенасць у сувязі з праектам рэзалюцыі Еўрапейскага парламента адносна “Стандартаў якасці і бяспекі для рэчываў чалавечага паходжання, прызначаных для прымянення для чалавека”.
Гэты дакумент можа вызначыць “асноўны курс будучага абмеркавання пытанняў прэнатальнага жыцця чалавека ў еўрапейскім фармацэўтычным і трансплантацыйным заканадаўстве”, уздымаючы шматлікія этычныя і канстытуцыйныя пытанні ў дзяржавах-членах ЕС, - гаворыцца ў камюніке.
Еўрапейскія біскупы звярнулі ўвагу на патэнцыйную небяспеку шырокага вызначэння тэрміна "рэчывы чалавечага паходжання", які можа азначаць як кроў, тканкі і неапладнёныя палавыя клеткі, так і эмбрыёны і чалавечыя плады.
"Нельга ставіць эмбрыёны на адзін узровень з клеткамі і тканкамі. Гэта значыць не паважаць асаблівасць і годнасць чалавечага эмбрыёна, яго важнасць як чалавека, якога неабходна абараняць”, - адзначыў генеральны сакратар COMECE ксёндз Мануэль Энрыке Барыёс Прыета.
На яго думку, дакумент неабходны, таму што рэгулюе такія карысныя медыцынскія практыкі, як пераліванне крыві, а таксама выразна кажа, што чалавечае цела не можа быць выкарыстана ў камерцыйных мэтах. Але тое, што тэрмін "рэчавы чалавечага паходжання" ўключае чалавечыя эмбрыёны, выклікае трывогу, таму што кожнае чалавечае жыццё, у тым ліку і жыццё ненароджаных дзяцей, мае сваю годнасць і права на абарону, - лічыць ксёндз Барыёс Прыета.
Аўтары зварота пацвердзілі фундаментальную важнасць навучання і інфармавання людзей, асабліва палітыкаў, еўрапейскіх чыноўнікаў, па пытаннях абароны чалавечага жыцця, таму што часам ім не хапае ведаў пра тое, што пастаўлена на карту.