Пошук

Кардынал-намінант Агасціна Маркета Кардынал-намінант Агасціна Маркета  (REUTERS)

Кардынал-намінант Маркета: не ігнараваць правы чалавека

Хто ратуе жыцці мігрантаў – варты пахвалы, - заўважыў кардынал-намінант Агасціна Маркета. Ён перакананы, што ігнараванне правоў чалавека можа весці да трагічных наступстваў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

30 верасня 2023 года ў Ватыкане пройдзе Звычайны публічны кансісторый, падчас якога іерарх атрымае кардынальскую годнасць. Напярэдадні гэтай падзеі ён адказаў на пытанні журналістаў, якіх у першую чаргу цікавіла яго меркаванне адносна актуальнага міграцыйнага крызісу.

Арцыбіскуп Маркета з 2001 па 2010 год быў сакратаром Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў, а перад гэтым знаходзіўся на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы: між іншым з 1994 па 1996 год ён быў Апостальскім нунцыем у Беларусі.

На думку іерарха, рашэнне з прыняццем мігрантаў заўсёды павінна быць справядлівым і законным, а меры, якія прымаюцца ў адносінах да людзей, што прыбываюць з іншых краін, не павінны супярэчыць правам чалавека. “Толькі з Другой сусветнай вайной людзі ўсвядомілі, што адбылося з-за не павагі да правоў. Мы не павінны зрабіць тую ж самую памылку”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што цяпер усіх абавязвае права на атрыманне дапамогі людзьмі, якія знаходзяцца ў моры.

“Хто ратуе людзей – годны нашай пахвалы. Потым трэба аналізаваць розныя сітуацыі. Але перад абліччам таго факту, што ёсць людзі, якія прысвячаюць сябе ратаванню бежанцаў, я лічу, што яны павінны вітацца, бо клапоцяцца пра чалавечую годнасць”, - дадаў кардынал-намінант Агасціна Маркета.
 

29 верасня 2023, 08:19