Пошук

Кардынал Крыстаф Шонбарн Кардынал Крыстаф Шонбарн 

Кардынал Шонбарн: сінадальнасць – лад жыцця Касцёла

Сінод аб сінадальнасці – гэта Сінод пра тое, як жыць касцёльным адзінствам згодна з Евангеллем, - падкрэсліў у інтэрв’ю Андрэа Тарніелі, галоўнаму рэдактару СМІ Святога Пасада, кардынал Крыстаф Шонбарн, арцыбіскуп Венскі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Іерарх нагадаў, што Францішак вядзе па шляху слухання і распазнавання, а Сінод Біскупаў з’яўляецца магчымасцю для таго, каб зразумець, чаго Пан хоча сёння ад Касцёла. Паводле яго слоў, метадалогія Сінода сягае сваімі каранямі да Дзеяў Апосталаў, калі перад абліччам новых пытаннях, звязаных з уключэннем у хрысціянскую супольнасць яўрэяў, вучням Хрыста было неабходна выслухаць розныя досведы і распазнаць правільнае рашэнне з увагай да таго, што кажа Святы Дух.

“Я думаю, што гэты шлях – шлях апавядання, слухання і распазнавання – будзе добрым таксама для сінадальнага шляху, які мы перажываем зараз”, - дадаў аўстрыйскі кардынал.

Арцыбіскуп Венскі зазначыў, што сінадальнасць з’яўляецца modus operandi касцёльнай еднасці, удзелам таксама ў пытаннях і рашэннях, якія звязаны з кіраваннем, з рознымі аспектамі жыцця Касцёла. Актуальны Сінод будзе прысвечаны пошуку адказаў на пытанне пра тое, як жыць касцёльнай еднасцю ў духу Евангелля, - падкрэсліў ён.

Іерарх заўважыў, што сінадальнасць у жыцці Касцёла звязана з пошукам аднадушнасці, але не ў сэнсе аднолькавага галасавання, як адбываецца пра дыктатурах: сінадальнасць заключаецца ў прагненні еднасці, у слуханні Святога Духа пры пошуку праўды і дабра, што вядзе да аднадушнасці.

Кардынал Шонбарн заклікаў не забываць, што Сінод – гэта дарадчы орган, а не заканадаўчы. “Ён патрэбны, каб слухаць, разам слухаць голас Святога Духа”, - сказаў іерарх, дадаючы, што слуханне садзейнічаюць таксама і розныя сінадальныя фазы, уведзеныя Францішкам.

Іерарх нагадаў, што важна таксама слухаць адзін аднаго – з павагай, адкрытасцю, каб прыйсці да распазнавання і зразумець Божую волю. На яго думку, распазнаванню дапамагае слуханне вялікай колькасці вернікаў, але таксама людзей, якія аддаліліся ад Касцёла.
 

19 верасня 2023, 14:00