Кола вучняў Ратцынгера: першая сустрэча пасля смерці Бэнэдыкта XVI
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Члены Ratzinger Schuelerkreis пастанавілі, што традыцыя іх штогадовых пасяджэнняў будзе захавана. Яны будуць адбывацца ў Рыме, дзе Ёзэф Ратцынгер правёў значную частку свайго жыцця і дзе быў пахаваны.
Менавіта ля магілы Бэнэдыкта XVI яго былыя студэнты і памочнікі, а таксама новае пакаленне тэолагаў, якія вывучаюць яго спадчыну, сабраліся на святую Імшу на пачатак свайго сёлетняга пасяджэння. Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Георг Генсвайн, былы прэфект Папскага дома і шматгадовы асабісты сакратар Ёзэфа Ратцынгера.
Сёлетняя сустрэча была прысвечана тэме: “Быць супрацоўнікамі праўды. Несці ў будучыню багатую спадчыну Бэнэдыкта XVI”. Натхненнем для яе паслужыў біскупскі дэвіз Ёзэфа Ратцынгера – Cooperatores Veritatis (Супрацоўнік праўды), якому ён заставаўся верны на працягу ўсяго свайго служэння пастыра і тэолага. Пасяджэнне прадугледжвала публічны сімпозіум, які трансліраваўся ў прамым эфіры ў інтэрнэце з перакладам на розныя мовы.
З уступным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся старшыня Кола вучняў Ратцынгера, прафесар Крыстаф Олі, а потым з дакладам аб Ключавых рысах тэалагічнай думкі Бэнэдыкта XVI выступіў кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству. Іншыя даклады былі прысвечаны вучэнню Ёзафа Ратцынгера аб Божым аб’яўленні, прыгажосці веры, выражанай у літургіі, адносінах паміж верай на грамадствам.