Пошук

Мангольская верніца з абразом Багародзіцы Мангольская верніца з абразом Багародзіцы  (AFP or licensors)

Місіянер з Манголіі: візіт Папы пацвярджае наш добры шлях

“Часам нам было цяжка, былі хвіліны сумневу, ці гэта мае сэнс”, - адзначыў брат Кшыштаф Гняздоўскі, салезіянін, які служыць ва Улан-Батары. Святар распавёў пра сітуацыю нешматлікай хрысціянскай супольнасці ў Манголіі.

Ян Глінскі

У размове з Vatican News польскі місіянер падкрэсліў, што колькасць ахрышчаных, якія прыходзяць на святыя Імшы, павялічваецца. “Для нас, місіянераў, гэта пацвярджэнне добрага шляху”, - дадаў салезіянін, які нясе тут служэнне з 2008 года.

Місіянер заўважыў, што перашкод у душпастырскай дзейнасці з боку ўладаў у Манголіі не існуе, аднак, выказаў спадзяванне, што візіт Святога Айца паспрыяе яшчэ большай адкрытасці на католікаў і стане таксама крокам да падпісання канкардату. “Канкардат быў бы палёгкай для ўсіх нас”, - сказаў ён.

Брат Кшыштаф Гняздоўскі назваў цудам і тое, што для такой невялікай супольнасці, як Касцёл у Манголіі, які налічвае каля 1500 чалавек, быў прызначаны кардынал – Апостальскі прэфект Улан-Батара Джоржыа Марэнга – і тое, што Прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух запрасіў Святога Айца.

У інтэрв’ю місіянер, між іншым, распавёў гісторыю пра фігурку Марыі, якую верніца знайшла на сметніцы і шмат гадоў захоўвала ў сябе дома. “Кардынал даведаўся пра гэта і перанёс яе ў катэдру, дзе яна была выстаўлена. У межах адной акцыі католікі прыносілі кавалачкі тканіны, з якіх была пашыта сукенка для Маці Божай”, - падзяліўся салезіянін.

Апавядаючы пра першы перыяд сваёй працы ў Манголіі місіянер указаў на выразныя культурныя адрозненні: “Іншая традыцыя, іншыя абрады святкавання. Розніца паміж Азіяй і Еўропай была для мяне вялікім шокам. Паволі, дзякуючы сардэчнасці людзей, я вывучаў мову і пазнаваў мясцовыя традыцыі”.

“У мужчын было пачуццё, што яны патомкі Чынгісхана – вялікага воіна. У іх традыцыі мужчына павінен быць воінам, гаспадаром дома, заданне жанчыны – клапаціцца пра мужа. Цяпер гэта змянілася. Па-іншаму таксама выглядае сітуацыя ў горадзе. Людзі больш сучасныя і адукаваныя, чым у вёсцы”, - сказаў святар, дадаючы, што хоць манголы і з ваяўнічым характарам, аднак вельмі адкрытыя і гасцінныя.

01 верасня 2023, 07:52