Пошук

2023.09.11 Renovabis 30 anni giubileo

Renovabis і Беларусь за 30 гадоў звязалі сотні важных праектаў

У 2022 годзе ініцыятыва салідарнасці Renovabis, па дадзеных афіцыйнага сайта, рэалізавала ў Беларусі 30 праектаў на суму 1 320 400 еўра. Па традыцыі – гэта адукацыйныя і дзіцячыя праграмы, інфраструктурныя ініцыятывы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аб мінулых падзеях і планах на будучыню размаўляюць у гэтыя дні (12 па 15 верасня 2023 года) удзельнікі 27-га Міжнароднага кангрэса Renovabis. Сёлета ініцыятыва салідарнасці Renovabis святкуе свой 30-гадовы юбілей, пад знакам якога і праходзіць форум.

Увесь гэты час дабрачынцы з Германіі інвестуюць у важныя праекты ў 29 краінах Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы, у тым ліку ў Беларусі. Гэтым напрамкам займаецца Ангеліка Шмэлінг, якая адзначыла, як змяняліся прыярытэты супрацоўніцтва.

“З 1993 года Renovabis падтрымлівае Касцёл у Беларусі шматлікімі праектамі па адбудове і далейшым развіцці яго душпастырскіх і сацыяльных намаганняў. У першыя гады асноўная ўвага надавалася аднаўленню інфраструктуры: рэканструкцыі вернутых храмаў, а часта і будаўніцтву новых. Renovabis змог падтрымаць партнёраў у адукацыйных праектах, такіх як духоўныя семінарыі і курсы для катэхетаў, а таксама, прынамсі на некаторы час, у развіцці касцёльных СМІ”, - адзначыла адказная ў Renovabis за беларускія праекты.

Асаблівае месца заўсёды займаюць ініцыятывы, накіраваныя на развіццё і вырашэнне праблем манаскіх супольнасцей, пашырэнне катэхізацыі, а таксама на падтрымку дзяцей.

“Не ў апошнюю чаргу дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з аўстрыйскай Caritas, беларуская Caritas дасягнула высокага ўзроўню працы. Адзін з нашых маштабных і блізкіх нашаму сэрцу праектаў – Дзіцячая вёска ў Гомелі, дзе мы бачым унікальнае супрацоўніцтва паміж манаскімі асобамі, Caritas і дзяржаўнай сацыяльнай абаронай. Дзеці і дарослыя з абмежаванымі магчымасцямі не толькі жывуць разам у сямейных групах, але і маюць магчымасць атрымаць школьную адукацыю, працаўладкавацца, навучацца самазанятасці і многае іншае ў інтэгратыўным вучэбна-тэрапеўтычным цэнтры, які адкрыўся ў 2021 годзе”, - заўважыла Ангеліка Шмэлінг.

Супрацоўніца Renovabis дадала, што не менш важна для фонду “чуць законных сясцёр, якія вядуць катэхізацыю ў парафіях, ладзяць канікулы з Богам, займаюцца дабрачыннасцю і не заўсёды атрымліваюць заслужаную ацэнку ў гэтай дзейнасці”.

Пачынаючы з 1993 года, ініцыятыва Renovabis дапамагла ў рэалізацыі амаль 26 тысяч праектаў. Фінансавыя сродкі дабрачынная арганізацыя атрымлівае ад нямецкага ўрада, прыватных асоб, а таксама са штогадовых дабрачынных збораў, якія праходзяць па ўсёй Германіі. З 1997 года арганізацыя штогод праводзіць міжнародныя кангрэсы, у якіх прымаюць удзел госці з шматлікіх краін.
 

13 верасня 2023, 09:03