Святы Пасад: будзе створана рабочая група па Усходняй Еўропе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дзяржсакратар Яго Святасці Папы выступіў падчас Сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, які праходзіць у Рыме. Ён высока ацаніў намаганні грэка-католікаў і пацвердзіў, што Святы Пасад падзяляе пакуты ўкраінскага народа і падтрымлівае міжнародныя ініцыятывы, накіраваныя на дапамогу Украіне.
Кардынал нагадаў пра тысячагадовую гісторыю адносін паміж Кіевам і Рымам, якія не перапыняліся нават пасля расколу 1054 года.
“Вы не абмежаваліся тэарэтычнымі тэалагічнымі развагамі, але пагрузіліся ў канкрэтыку, шукаючы новых шляхоў блізкасці і душпастырскай падтрымкі для вернікаў і ўсяго ўкраінскага народа, незалежна ад веравызнання, каб залячыць яго раны”, - адзначыў іерарх, згадваючы папярэднюю сесію Сінода, якая прайшла ў ліпені 2022 года ў Пярэмышлі.
Дзяржсакратар звярнуў увагу на "душпастырскі клопат пра ўкраінскіх жаўнераў, якія абараняюць сваю Радзіму". “Вы падтрымлівалі іх духоўна сваёй малітвай і вучылі, што, абараняючы суверэнітэт і свабоду нацыянальнай тэрыторыі, украінцы павінны таксама берагчы свае сэрцы, каб не паддацца нянавісці, якая можа зрабіць іх лёгкай здабычай перад абліччам столькіх зверстваў", - сказаў ён.
Кардынал Паралін запэўніў епіскапат Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў падтрымцы Апостальскай Сталіцы, у прыватнасці з боку Папы Францішка, “пра што сведчаць яго публічныя заклікі”.
Ён асабліва звярнуў увагу на намаганні Дзяржаўнага сакратарыята, “які разам са Святым Айцом зацікаўлены ў абмене палоннымі, вяртанні ўкраінскіх дзяцей з Расіі, пагадненні аб экспарце пшаніцы і гуманітарных аспектах мірнага плана, прапанаванага ўкраінскімі ўладамі”.
Перад грэка-каталіцкімі іерархамі выступіў і прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству. Кардынал Курт Кох распавёў аб сучасным стане экуменічнага дыялогу і канстатаваў, што вайна ва Украіне нанесла яму сур'ёзную шкоду.
“Наступствы гэтай вайны яшчэ непрадказальныя, патрэбны час, каб загаіліся раны на душы і целе многіх людзей”, - адзначыў іерарх, выказваючы салідарнасць з украінскім епіскапатам і надзею на “справядлівы мір ва Украіне”.