Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Вучняў, педагогаў і школьныя прыналежнасці благаслаўляюць у касцёлах Беларусі. 27 жніўня 2023 года ў парафіях маліліся з нагоды пачатку навучальнага і катэхетычнага года, а ў іншых парафіях благаслаўленне на вучобу запланавана на святых Імшах у бліжэйшую нядзелю. Перад алтаром дзеці і дарослыя дзякуюць Богу за праведзеныя канікулы, просяць дароў Духа Святога, імкнення да ведаў, прагі спазнаваць прыгажосць створанага Богам свету.

Выйшлі кнігі з тэкстамі набажэнстваў у першыя чацвяргі, пятніцы і суботы месяца. У выдавецтве Pro Christo пабачылі свет выданні з матэрыяламі і тэкстамі для набажэнстваў, якія ў адпаведнасці з распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага павінны праводзіцца ў кожнай парафіі архідыяцэзіі ў межах Года падзякі Маці Божай і падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Біскуп Казімір Велікаселец умураваў благаслаўлёны Папам Францішкам камень у будоўлю новага касцёла ў Гомелі. 26 жніўня 2023 года падчас святой Імшы на месцы новабудоўлі закладку вуглавога каменя ў муры касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі здзейсніў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі. Ва ўрачыстай літургіі ўзялі ўдзел Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары, кансэкраваныя асобы, парафіяне і госці.

Турнір па міні-футболе памяці святога Яна Паўла II правялі ў Слоніме. 28 жніўня 2023 года тут сабраліся 18 каманд парафій з Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій. Удзельнікі выступалі ў малодшай і старэйшай катэгорыях. У выніку першае месца ў малодшай катэгорыі заняла каманда з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах, а ў старэйшай – зборная каманда дзвюх парафій: з Іўя і з Лаздунаў.

У Беларусі стварылі сістэму інфармавання аб месцы і часе святых Імшаў. Праект вернікаў-энтузіястаў Imsha.by выйшаў за межы Мінска і пашыраецца на ўсю краіну. Парафіі з іншых гарадоў ужо пачалі дадаваць у базу, цяпер іх звыш 35. Далучэнне парафій працягваецца, таму аўтары па-ранейшаму запрашаюць валанцёраў. Сутнасць ідэі ў тым, каб сабраць у адным месцы і сістэматызаваць інфармацыю пра тое, дзе ў канкрэтны час адбываюцца рыма-каталіцкія і грэка-каталіцкія літургіі, а таксама звесткі пра святыя Імшы онлайн. Валанцёры з парафій штотыдзень актуалізуюць інфармацыю.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

02 верасня 2023, 08:22