Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў урачыстасць Найсвяцейшага Імя Марыі ў мінскай катэдры. 12 верасня 2023 года заслужаны іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю падчас адпустовай урачыстасці тытула касцёла. У прамоўленай гаміліі ён прапанаваў вернікам задаць сабе пытанні: ці годна прадстаўляем імя Марыі ў сваім асяроддзі, ці імкнемся, як Марыя, быць паслухмянымі Божай волі. "Будзем з годнасцю і адказнасцю насіць імя хрысціянаў, бо ўсе мы, як і Марыя, з’яўляемся выбранымі і ўмілаванымі дзецьмі Бога", – заклікаў арцыбіскуп эмерыт.

Вернікі некалькіх парафій удзельнічалі ў пілігрымцы з Гродна да Маці Божай Яснагорскай. 10 верасня 2023 года адбылося пешае паломніцтва на Узгорак надзеі ў Капцёўцы, у санктуарый Маці Божай Яснагорскай. Мэтай пілігрымаў было разам памаліцца і папрасіць аб Божым благаслаўленні на новы навучальны і катэхетычны год. У пілігрымцы ўдзельнічала звыш 200 вернікаў з розных парафій дыяцэзіі, у тым ліку дзеці і моладзь, студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і яе душпастыры.

Трэці фестываль хрысціянскай культуры прайшоў на Залатой Горцы ў Мінску. 10 верасня 2023 года ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы і святога Роха мерапрыемства сабрала разам прадстаўнікоў розных канфесій і рэлігій, а таксама мовазнаўцаў, тэолагаў, гісторыкаў, філосафаў, музыкаў, рамеснікаў, вернікаў з розных парафій Мінска. Сёлетні культурны форум на Залатой Горцы быў прысвечаны тэме Біблія: таямніца і прыгажосць Божага слова.

У Вілейцы перад адпустам у 110-ю гадавіну пасвячэння касцёла сустрэлі спісы цудадзейных Марыйных абразоў. 11 верасня 2023 года вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў працэсіі ўрачыста прывіталі 17 спісаў найбольш шанаваных у Беларусі абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія ўжо трэці год перэгрынуюць па Беларусі і за мяжой. Сустрэчай спісаў Марыйных ікон у вілейскай парафіі распачаўся адмысловы трыдуум – час духоўнай падрыхтоўкі да адпустовай урачыстасці тытулу касцёла.

Катэхеты Віцебскай дыяцэзіі распачалі разам з біскупам Алегам Буткевічам новы катэхетычны год. 9 верасня 2023 года ў парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску спатканне пачалося святой Імшой, якую цэлебраваў ардынарый. Звярнуўшыся да прысутных, біскуп Віцебскі сказаў, што асноўная задача катэхета – "давесці дзяцей да сустрэчы з жывым Богам, які не дзесьці там, у гісторыі, а тут і зараз". Катэхізацыяй дзяцей і моладзі ў дыяцэзіі займаюцца як святары і сёстры законныя, так і свецкія катэхеты. Біскуп заахвоціў, каб яны больш імкнуліся да супрацоўніцтва з бацькамі.

У Гродне і рэгіёне асвяцілі месцы дарожных здарэнняў. 13 верасня 2023 года па ініцыятыве ДАІ адбыліся мерапрыемствы з удзелам святароў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы на месцах аварый, у якіх загінулі людзі. Мерапрыемствы былі праведзены ў сувязі з тым, што ў апошнія тыдні на тэрыторыі Гродзенскай вобласці назіраецца ўсплёск аварый з цяжкімі наступствамі. Каталіцкі Касцёл прадставіў вікарый парафіі Святога Духа ў Гродне ксендз Валерый Спірыдон. Святары памаліліся за загінулых і асвяцілі месцы здарэнняў.

Упершыню ў Беларусі паказалі нямое кіно пад акампанемент старадаўняга аргана. Гэта адбылося 9 верасня 2023 года ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. Паказ італьянскага нямога фільма Frate Sole праходзіў у суправаджэнні арганных каментароў. Унікальную імпрэзу ладзілі ў межах фестываля акадэмічнай арганнай і камернай музыкі Ars Magna Organi, які ў гэтым годзе праходзіць у Пінску, Мядзведзічах і Віцебску.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

16 верасня 2023, 09:24