Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Гродне распачалася перэгрынацыя абразоў назарэтанак-мучаніц з Навагрудка. Пасля святой Імшы ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі 17 верасня 2023 года адбылася канферэнцыя, падчас якой рэктар касцёла ксёндз канонік Антоній Грэмза падкрэсліў вялікае значэнне гераічнасці ахвяры мучаніц. Перэгрынацыя будзе працягвацца больш за месяц у пабрыгіцкім кляштары.
У Мінску адбылася інаўгурацыя новага катэхетычнага года. 16 верасня 2023 года ў катэдральным касцёле прайшла сустрэча катэхетаў архідыяцэзіі. У сходзе ўзялі ўдзел больш за 70 чалавек, сярод якіх былі біскупы, святары, сёстры законныя і свецкія катэхеты. З прывітальным словам звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які падкрэсліў, што "быць катэхетам – азначае навучыць мастацтву хрысціянскага жыцця, і вельмі важна радасць Евангелля абвяшчаць радасна".
У Дзісне з удзелам біскупа Алега Буткевіча адзначылі юбілей святыні. 17 верасня 2023 года біскуп Віцебскі ўзначаліў урачыстасці з нагоды 250-годдзя касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святую Імшу ўпрыгожылі спевамі вернікі з Наваполацка. У Літургіі бралі ўдзел святары, якія ў розны час працавалі ў Дзісне і займаліся аднаўленнем святыні. Пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Чайкоўскі заахвоціў быць удзячнымі людзям, якія баранілі і захавалі духоўную і матэрыяльную спадчыну, прасіць Божай ласкі, каб быць іх годнымі нашчадкамі.
Салезіянскі моладзевы фэст прайшоў у Мінску з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. 15-17 верасня 2023 года ў парафіі святога Яна Хрысціцеля сустрэча для моладзі Don Bosco Youth Fest была прысвечана экалагічнай тэматыцы, а таксама ўдзячнасці Богу за дзесяць гадоў з часу ўтварэння ў Беларусі мясцовай структуры салезіянскага таварыства – дэлегатуры. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падчас святой Імшы падкрэсліў, што "мы павінны радавацца ўсяму таму, чым Бог нас адарыў, але таксама імкнуцца захаваць усю прыгажосць для будучых пакаленняў".
Біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў сутаны студэнтаў гродзенскай семінарыі. 16 верасня 2023 года шасцёра студэнтaў трэцяга курса атрымалі духоўнае адзенне, трое семінарыстаў сталі лектарамі. Ва ўрачыстай Эўхарыстыі з гэтай нагоды ўзялі ўдзел мадэратары семінарыі, студэнты і іх блізкія. Гродзенскі ардынарый нагадаў семінарыстам, што сутана "застаецца важным знакам – знакам для іншых людзей, знакам для Хрыста, а таксама знакам для таго, хто яе атрымлівае і носіць".
25-годдзе пасвячэння касцёлаў у Нароўлі і Грушаўцы святкавалі разам з біскупам Казімірам Велікасельцам. 15-16 верасня ў гэтым забруджаным радыяцыяй рэгіёне сабраліся святары на чале з дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, сёстры законныя, госці. Да юбілею вернікі Нароўлі духоўна рыхтаваліся на працягу дзевяці месяцаў. Падчас урачыстасці іерарх благаславіў новыя алтарныя панэлі з абразамі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Маці Божай Лагішынскай і святых апосталаў Пятра і Паўла.
На Навагрудчыне асвяцілі адноўленую капліцу XVIII стагоддзя. 16 верасня 2023 года ў вёсцы Несутычы асвячэнне капліцы Святога Крыжа здзейсніў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Ён адзначыў, што такія прыдарожныя капліцы аб’ядноўваюць людзей дзвюх асноўных канфесій краіны – католікаў і праваслаўных – нягледзячы ні на якія гістарычныя падзеі. Пасля Эўхарыстыі іерарх асвяціў капліцу і адметнае драўлянае ўкрыжаванне, якое перажыло грунтоўную рэстаўрацыю.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.