Пошук

Cустрэча епіскапаў Усходніх Цэркваў Еўропы Cустрэча епіскапаў Усходніх Цэркваў Еўропы  

У Афінах прайшла сустрэча епіскапаў Усходніх Цэркваў Еўропы

Вайна і сям'я – асноўныя тэмы штогадовай сустрэчы епіскапаў Усходніх Цэркваў Еўропы, якая прайшла ў Афінах з 18 па 21 верасня 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На сустрэчы прысутнічала больш за 60 епіскапаў і святароў з такіх еўрапейскіх краін, як Балгарыя, Беларусь, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Італія, Кіпр, Румынія, Сербія, Славакія, Украіна, Харватыя, а таксама скандынаўскіх краін. Удзел у форуме прынялі таксама прадстаўнікі Сіра-Малабарскай Царквы і Сірыйскай Царквы для еўрапейскай дыяспары. Сярод удзельнікаў – апостальскі нунцый у Грэцыі, арцыбіскуп Ян Рамэа Паўлоўскі, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, арцыбіскуп Гінтарас Грушас, ксёндз Мішэль Джалах, сакратар Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.

Беларускую Грэка-каталіцкую Царкву на сустрэчы прадстаўлялі Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і іераманах Лявонцій Тумоўскі.

У сваёй прамове епіскап Мануэль Нін, Апостальскі экзарх для католікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі, адзначыў, што экзархат Грэцыі пашырыўся “у апошнія дзесяцігоддзі дзвюма этнічнымі і рэлігійнымі супольнасцямі: вернікамі халдэйскай традыцыі з Ірака і Сірыі і ўкраінскімі вернікамі візантыйскай традыцыі”. “Усе мы адзіныя ў Хрысце”, без адрозненняў і прывілеяў, - падкрэсліў ён, пажадаўшы ўдзельнікам сапраўды сінадальнай сустрэчы. Сваю прамову ён завяршыў асаблівым напамінам пра Украінскую грэка-каталіцкую Царкву і ўвесь украінскі народ “у гэты час несправядлівай вайны і велізарных пакут".

Праблемы сям’і

Пра ціск, якому падвяргаюцца сем’і ў сучасным грамадстве, распавёў дапаможны епіскап Браціслаўскай дыяцэзіі Мілан Лах. Сёння ва ўсім свеце ідзе “барацьба за сям'ю: калі выжывае сям'я, выжывае і грамадства”, - сказаў ён, дадаючы, што функцыя сям'і – дазволіць кожнаму з яе членаў стаць сталым чалавекам, які мае выразнае пачуццё сваёй ідэнтычнасці і ўнікальнасці, а паколькі ніхто не можа пабудаваць сваю ідэнтычнасць у адзіноце, ён мае патрэбу ў сям'і. У аб'яднанай сям'і кожны надае час іншаму, жыве ў дыялогу і дапамагае пераадольваць крызісы і канфліктныя сітуацыі, спраўляцца з магчымымі залежнасцямі. Суправаджэнне сем'яў павінна быць адным з прыярытэтаў Касцёла. У парафіях неабходна ствараць супольнасці для маладых сем'яў, “каб не пакідаць іх сам-насам з праблемамі сужэнскага жыцця”, - зазначыў іерарх, заклікаючы браць узор для натхнення ў Святой Тройцы.

Каталіцкі адказ на вайну ва Украіне

Апостальскі экзарх для ўкраінскіх грэка-католікаў у Германіі і Скандынавіі, епіскап Багдан Дзюрах распавёў пра "адказ Каталіцкага Касцёла Еўропы на трагедыю расійскай вайны ва Украіне". "Сёння гэтай бесчалавечнай і варварскай вайной нанесены вельмі цяжкі і балючы ўдар па ўкраінскім сем'ям. 14 мільёнаў чалавек, у асноўным жанчыны, дзеці і пажылыя людзі, былі вымушаныя пакінуць свае дамы”, - сказаў ён, дадаючы, што “духоўная, псіхалагічная і сацыяльная падтрымка сем'яў застанецца галоўнай тэмай душпастырскай працы ва Украіне і за мяжой".

Іерарх распавёў пра ініцыятыву Каталіцкі адказ для Украіны (CR4U), створаную ў пачатку сакавіка 2022 года прадстаўнікамі вядучых каталіцкіх дабрачынных арганізацый для каардынацыі дзеянняў у пацярпелым ад вайны рэгіёне. Яе дзейнасць каардынуецца Міжнароднай камісіяй па каталіцкай міграцыі, якая цесна супрацоўнічае з ватыканскай Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Наступная сустрэча ў Румыніі

Наступная сустрэча еўрапейскіх епіскапаў Усходніх Цэркваў адбудзецца ў Арадэі, у Румыніі, з 17 па 19 верасня 2024 года. Тэма маючага адбыцца мерапрыемства: "Чалавечнасць святара. Адносіны паміж епіскапам і духавенствам”.

26 верасня 2023, 09:27