Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы з Каліфорніі аб грамадскай небяспецы гендарнай ідэалогіі

Гендарная ідэалогія шмат у чым радыкальна супярэчыць здароваму разуменню чалавечай прыроды, - напісалі да вернікаў два каліфарнійскія біскупы ў спецыяльным лісце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Сан-Францыска Сальваторэ Кардзілеонэ і біскуп Окленда Майкл Барбер нагадалі, што Францішак назваў гендарную ідэалогію прыкладам “аднаго з самых небяспечных відаў ідэалагічных каланізацыі”.

Як тлумачаць іерархі, праблема заключаецца, у прыватнасці, у прасоўванні такога ўяўлення аб асабістай ідэнтычнасці, якое пакідае яе на меркаванне чалавека, і ў адмаўленні таго, што асновай існавання сям'і з'яўляецца біялагічнае адрозненне паміж мужчынам і жанчынай.

Яны нагадалі, што чалавек – гэта адзінства душы і цела. З моманту зачацця, з пачатку свайго існавання, ён мае цела, якое з пункту гледжання полу з'яўляецца або мужчынскім, або жаночым. У выпадках парушэнняў палавога развіцця або гендарнай неадназначнасці біялагічны пол можна вызначыць з дапамогай генетычных або іншых медыцынскіх метадаў.

Біскупы ўказалі таксама на вялікую годнасць сужэнства, якое з’яўляецца вобразам самой еднасці Найсвяцейшай Тройцы. Ліквідацыя гендарнай розніцы паміж мужчынамі і жанчынамі “зменшыла б у мужчынах і жанчынах частку таго, што значыць насіць вобраз і падабенства Божае”, падкрэслілі каліфарнійскія пастыры. Яны лічаць, што наступствы такіх дзеянняў маюць і грамадскае вымярэнне, бо пазбаўляюць асновы існавання сям'і.

Іерархі таксама звярнуліся да людзей, якія пакутуюць ад гендарнай дысфарыі – ад розніцы паміж полам, які яны лічаць сваім, і полам біялагічным. Хоць наша жыццё, у тым ліку наша асоба, можа заставацца для нас загадкай, Бог добра гэта ведае. І Ён любіць кожнага з нас, жадаючы нашага развіцця. У той жа час таямніца Езуса Хрыста вучыць нас, што Яго ўцелаўленне не толькі адкрывае Бога, але і адкрывае нам тое, хто мы ёсць. Мы не ствараем сваю ідэнтычнасць, а адкрываем яе; мы выяўляем, што наша самая асноўная ідэнтычнасць – гэта быць любімым дзіцём Бога.
 

26 кастрычніка 2023, 10:31