Пошук

Vatican: XVI Assembly of the Synod of Bishops

Кардынал Шап’ю: Сінод павінен канцэнтравацца на вернасці Хрысту

“Вернасць Езусу Хрысту, Касцёлу і Святому Айцу”, – такімі прыярытэтамі, на думку арцыбіскупа Філадэльфіі, павінны кіравацца дэлегаты падчас працы Сінода Біскупаў пра сінадальнасць.

Ян Глінскі

У сваіх разважаннях, скіраваных да ўдзельнікаў першай сесіі XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая праходзіць у Ватыкане з 4 па 29 кастрычніка 2023 года, амерыканскі біскуп Чарльз Шап’ю напісаў, што важна захоўваць гэтыя прыярытэты менавіта ў такім парадку.

“Вернасць Езусу Хрысту азначае паслухмянасць Яго сведчанню і Слову. Вернасць Касцёлу – гэта шчырая падтрымка яго навучання. Вернасць Святому Айцу азначае казаць праўду ў любові адзін да аднаго і да Яго ва ўсіх сінадальных дыскусіях”, - патлумачыў арцыбіскуп Шап’ю, які прымаў удзел у трох папярэдніх сінодах.

Біскуп-эмерыт перакананы, што “самыя складаныя праблемы сучаснага Касцёла звязаны не са структурамі”, а з тым, кім насамрэч з’яўляецца чалавек: ці не ўспрымае ён сваё цела толькі як прыладу для ўласных жаданняў.

“Сінадальнасць, якая праігнаравала б гэтыя праблемы, якая магла б падпарадкаваць хрысціянскую веру неадназначным сацыяльным вучэнням і “зменам парадыгмы”, якія адцягваюць увагу ад адкупленчай, звышнатуральнай місіі Касцёла, не можа служыць ні яго патрэбам, ні яго Пану”, - перасцярог арцыбіскуп Філадэльфіі.

Як дадаў іерарх, сінадальнасць не можа падзяліць вернікаў у часы ўнутранага замяшання і сур’ёзнага знешняга ціску. Касцёл належыць Езусу Хрысту, і вернікі з’яўляюцца дзецьмі Касцёла, “а не яго архітэктарамі”.

Звяртаючыся да тэмы Сінода – На карысць сінадальнага Касцёла – камунія, удзел і місія – біскуп-эмерыт патлумачыў, што “камунія” з’яўляецца не пытаннем агульнага меркавання, але агульнай вернасцю атрыманай праўдзе; “удзел” з’яўляецца заданнем, каб падпарадкоўваць нашую волю гэтай праўдзе, а “місія” – гэта імкненне да выканання місійнага даручэння нашага Пана: быць не толькі закваскай у свеце, але і навучаць усе народы.

У сваім разважанні арцыбіскуп Філадэльфіі ўказаў на заклік Касцёла, скіраваны да вернікаў, укараняць пачуццё адзінства ў Пану і не трапляць у памылкі свету, якія выключаюць Бога з любых адносін. Ён падкрэсліў, што дастасаванне Касцёла да свету “ніколі не прывяло да дабра для Касцёла”. “У Еўропе гэта не спрацавала. У маёй краіне гэта не працуе. У Кітаі гэта не будзе працаваць. Касцёл насамрэч – гэта пра навяртанне”, - падкрэсліў арцыбіскуп Шап’ю, а таксама нагадаў, што Езус быў укрыжаваны менавіта таму, што не дастасоўваўся, а “даў сведчанне свайму Айцу”.

“Няхай Бог дасць вам мудрасць і адвагу, каб вы верна Яму служылі ў вашай працы на Сінодзе”, – пажадаў удзельнікам Cінода арцыбіскуп Чарльз Шап’ю.
 

14 кастрычніка 2023, 08:34