Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Кусташ Святой Зямлі: мае думкі скіроўваюцца да хрысціян Сектара Газа

Ватыканская газета L'Osservatore Romano апублікавала гутарку пра падзеі ў Ізраілі з кусташам Святой Зямлі, айцом Франчэскам Патанам. Ён распавёў, што ў Іерусаліме пануе “пакутлівая цішыня. Горад паўпусты, як у часы пандэміі. Усе запалоханы тым, што можа здарыцца”.

Марыя Валодзіна – Vatican News

На пытанне пра сітуацыю ў краіне, кусташ Святой Зямлі заўважыў, што атака здзівіла і збянтэжыла ўсіх, у тым ліку ізраільскія ўзброеныя сілы, якія былі заспеты знянацку. “І гэта абсалютная навіна”, - сказаў ён, дадаючы, што ў замяшанне прыводзіць факт захопу вялікай колькасці закладнікаў – ваенных і грамадзянскіх асоб, у тым ліку і замежнікаў, якія, верагодна, будуць выкарыстоўвацца ў якасці жывога тавару для абмену.

Думкі айца Патана скіроўваюцца да ахвяр і закладнікаў, сярод якіх старыя, жанчыны і дзеці, а таксама да хрысціянскай меншасці Святой Зямлі, асабліва невялікай хрысціянскай супольнасці Сектара Газа, якая рызыкуе знікнуць, “раздаўленая канфліктам, у якім не ўдзельнічае”.

Што тычыцца пілігрымаў, якія ў кастрычніку традыцыйна наведваюць Іерусалім і Святую Зямлю, то многія з іх “ужо пакінулі краіну альбо збіраюцца пакінуць яе ў гэтыя дні”, - распавёў айцец Патан. - “Аэрапорт імя Бэн-Гурыёна ў Тэль-Авіве застаўся адкрытым, але многія рэйсы былі адмененыя. Многія пілігрымы спрабуюць змяніць квіткі, каб паскорыць вяртанне ў свае краіны.”

Наогул, будучыня пілігрымак выклікае моцную заклапочанасць кусташа Святой Зямлі. Значная частка хрысціян, якія жывуць у Іерусаліме і Бэтлееме, працуюць у сферы турызму і паломніцтва. Доўгі час бяздзейнасці, як гэта было падчас пандэміі, паўплывае на і без таго вельмі нестабільныя ўмовы іх жыцця, - лічыць айцец Патан. Кусташ заклапочаны таксама і закрыццём усіх школ. “Мы робім гэта неахвотна, таму што было б вельмі дарэчы дапамагчы моладзі паразважаць над тым, што адбываецца”, - адзначыў ён, дадаючы, што каталіцкія школы з’яўляюцца “адной з нямногіх рэалій, у якіх імкнуцца выхоўваць мір і суіснаванне на гэтай змучанай зямлі”.

Айцец Патан распавёў таксама пра ўзаемадзеянне з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі Святой Зямлі. Па ініцыятыве грэчаскага Праваслаўнага Патрыярха Феафіла III быў выдадзены сумесны зварот усіх кіраўнікоў хрысціянскіх Цэркваў Іерусаліма з заклікам да міру. Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, кардынал П’ербатыста Піцабала, які знаходзіцца ў Італіі для ўдзелу ў кансісторыі, “спрабуе як мага хутчэй вярнуцца са свайго статка”. Атрыманая ім кардынальская годнасць з'яўляецца прыкметай служэння зямлі і Касцёлу, пазначаных крывёю народа, - лічыць кусташ Святой Зямлі.

На заканчэнне размовы айцец Патан запрасіў усіх далучыцца да яго ў няспыннай малітвы аб тым, каб адкрыліся каналы дыялогу і насталі калі не мір, то, прынамсі, перамір’е і павага да грамадзянскага насельніцтва і палонных.

10 кастрычніка 2023, 12:24