Пошук

Езус выганяе д'ябла Езус выганяе д'ябла  (©ruskpp - stock.adobe.com)

Міжнародная асацыяцыя экзарцыстаў абрала новага старшыню

З 25 па 30 верасня 2023 года прайшла XIV Канферэнцыя Міжнароднай асацыяцыі экзарцыстаў, удзельнікі якой абралі новае кіраўніцтва. Старшынёй арганізацыі стаў айцец Карэл Арліта з Чэхіі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва SIR, мерапрыемства прайшло ў Fraterna Domus у Сакрафана каля Рыма і стала першым пасля перапынку ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Папярэдні форум адбыўся ў 2018 годзе. У канферэнцыі прынялі ўдзел 203 святары-экзарцысты з усіх кантынентаў і каля 100 дапаможных экзарцыстаў.

Удзельнікі канферэнцыі абралі новага старшыню, айца Карэла Арліта з Чэхіі, экзарцыста і доктара кананічнага права, у той час як айцец Франчэска Бамонтэ, які сышоў з пасады старшыні па заканчэнні другога тэрміну, быў прызначаны намеснікам старшыні.

На канферэнцыі прагучаў шэраг выступленняў і дакладаў. У сваёй справаздачы айцец Бамонтэ адзначыў, што сёння ў склад арганізацыі ўваходзіць каля 900 экзарцыстаў у параўнанні з 250 у 2012 годзе. Ён таксама распавёў пра справу сястры Тамазіны Поцы, якая падвяргалася цяжкім д'ябальскім выпрабаванням на працягу свайго рэлігійнага жыцця.

Айцец Карэл Арліта выступіў з дакладам пра некаторыя аспекты права выканання экзарцызму, якое надаюць біскупы. Айцец П'ермарыё Бурга звярнуў увагу на магчымасць выканання экзарцызмаў для некатолікаў. Айцец Крысціян Кабрыні, аргенцінец, распавёў пра розныя этапы свайго паклікання як святара і экзарцыста.

Урачыстую Эўхарыстыю ўзначалілі дапаможны біскуп Рымскай дыяцэзіі Бальда Рэйна, біскуп Чывіта Кастэлана Марка Салві і ксёндз Андрэс Габрыэль Фэрада Марэйру, сакратар Дыкастэрыі па справах духавенства.

03 кастрычніка 2023, 13:13