Патрыярх Піцабала: бамбардзіроўкі Газы – не рашэнне праблемы
Марыя Валодзіна - Vatican News
У інтэрв'ю ватыканскім СМІ кардынал П'ербатыста Піцабала паведаміў, што ў Газе налічваецца больш за пяць тысяч загінулых, сярод іх шмат жанчын і дзяцей. Два мільёны чалавек засталіся без прадметаў першай неабходнасці. “У выніку артабстрэлаў цэлыя кварталы зраўнялі з зямлёй. Няма ні вады, ні ежы, ні электрычнасці. Гэта сітуацыя, якую я не магу зразумець", - адзначыў іерарх, дадаючы, што бамбардзіроўкі ніколі не прывядуць ні да якога рашэння.
Патрыярх Піцабала заклікаў да "адкрыцця гуманітарных калідораў, якія дазволяць дапамагчы параненым і даставіць на грузавіках гуманітарную дапамогу. Урэшце, не ўсе гэтыя два мільёны чалавек – паслядоўнікі ХАМАС". "Мы асуджаем тое, што здзейсніў ХАМАС на поўдні Ізраіля, гэтым зверствам няма ніякага апраўдання. Але ў адказ на гэта нельга мучыць голадам два мільёны чалавек", - сказаў ён.
Кардынал Піцабала заклапочаны лёсам хрысціян, якія знайшлі прытулак у двух парафіях: лацінскай парафіі Святой Сям'і і грэчаскай праваслаўнай парафіі святога Парфірыя, пацярпелай ад выбухаў. "З імі наладжана штодзённая сувязь. Праз гуманітарныя арганізацыі мы спрабуем даставіць ім усё неабходнае. Мы накіравалі ўладам дакладную інфармацыю пра месцазнаходжанне нашых супольнасцяў, каб прадухіліць далейшыя трагедыі. На дадзены момант мы больш нічога не можам зрабіць”, - зазначыў ён.
Іерарх перакананы, што пытанне аб ізраільскіх закладніках у руках ХАМАС з'яўляецца цэнтральным у гэтай вайне, таму што ад яго залежыць бліжэйшая будучыня Газы. "Многія каналы, многія арганізацыі спрабуюць прапанаваць пасярэдніцтва. Давайце дазволім ім працаваць. Чым менш пра гэта кажуць, тым лягчэй будзе прыйсці да нейкага выніку", - лічыць кардынал Піцабала.
"Міру трэба дамагацца любой цаной", - сцвердзіў ён. Аднак, "не варта блытаць мір з перамогай. Каб дасягнуць стабільнасці, абодвум бакам прыйдзецца нешта страціць. Ізраільцяне і палестынцы наўрад ці змогуць жыць разам, але ім, тым не менш, прыйдзецца знайсці спосаб існаваць хоць і паасобку, але побач. І мы павінны стварыць умовы для таго, каб гэта адбылося як мага хутчэй", - адзначыў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.