Пошук

Гватэмальскі кардынал Альвара Рамацыні Гватэмальскі кардынал Альвара Рамацыні  

Сетку дапамогі мігрантам узначаліў гватэмальскі кардынал

Гватэмальскі кардынал Альвара Рамацыні стаў новым старшынёй Касцёльнай сеткі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна па пытаннях міграцыі, перасялення, абароны і гандлю людзьмі (Red Clamor).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пастыр дыяцэзіі Уэуэтэнанга застанецца на гэтай пасадзе да 2027 года. Ён змяніў арцыбіскупа Юкатана ў Мексіцы Густава Радрыгеса, якога ў маі 2023 года абралі старшынёй Caritas Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Арганізацыя была заснавана ў 2017 годзе пры падтрымцы Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM) як прыклад сінадальнасці і камуніі. Яна аб'ядноўвае больш за 500 ініцыятыў Каталіцкага Касцёла, накіраваных на дапамогу людзям, вымушаным перасяліцца, і на іх інтэграцыю ў адпаведнасці з заклікам Папы Францішка распаўсюджваць культуру сустрэчы.

Сетка навязала супрацоўніцтва з Агенцтвам ААН па справах бежанцаў і Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі.

Акрамя старшыні, таксама былі абраны біскупы-асэсары для асобных рэгіёнаў: для Цэнтральнай Амерыкі і Мексікі – біскуп Гвадалупе Торэс Кампас з дыяцэзіі Сьюдад-Хуарэс у Мексіцы, для рэгіёна Анд і Балівара – біскуп Хайме Вільяроэль з дыяцэзія Карупана ў Венесуэле, для паўднёвага рэгіёну – біскуп Моісэс Карлас Аціша з дыяцэзіі Арыка ў Чылі.
 

25 кастрычніка 2023, 10:22