Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Маладзечне сустрэлася духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 5 кастрычніка 2023 года першая пасля летняга адпачынку пастырская сустрэча прайшла з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Сустрэча складалася з супольнага Ружанца, адарацыі, святой Імшы і канферэнцыі. Сярод тэм, над якімі разважалі, святары, – стыль душпастырства Езуса і Яго апосталаў як узор для ўласнага служэння.

У Гродне адбыўся сімпозіум, прысвечаны году свецкіх і Сіноду біскупаў. 30 верасня 2023 года ў Вышэйшай духоўнай семінарыі з дакладамі выступілі свецкія і духоўныя асобы з усіх дыяцэзій краіны. Удзельнікі выказалі надзею, што сімпозіум стане ўнёскам Касцёла ў Беларусі ў працу Сіноду біскупаў, надасць новы імпульс для лепшага разумення ролі свецкіх у Касцёле і для іх больш інтэнсіўнага, крэатыўнага, адказнага і актыўнага супрацоўніцтва з духоўнымі асобамі.

У Смаргоні адзначылі 520-годдзе парафіі Святога Арханёла Міхала. 29 верасня 2023 года дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўзначаліў парафіяльны адпуст і асвяціў новы алтар. Таксама ён благаславіў новую сістэму званоў, якую вернікі падаравалі касцёлу на юбілей. Пасля ўрачыстай святой Імшы па вуліцах горада прайшла велічная працэсія.

Біскуп Віцебскі ўзначаліў свята ў Глыбокім – тут адбылося ўрачыстае ўнясенне ў святыню і ўшанаванне рэліквій святога Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага. Ён заснаваў кангрэгацыю сясцёр францішканак Сям’і Марыі, якой даручыў апеку над дзецьмі, хворымі і старымі. Прадстаўніцы гэтай кангрэгацыі служаць у Беларусі і маюць дамы ў Варапаеве і Глыбокім. Маліцца за сясцёр праз заступніцтва святога Зыгмунта Шчэнснага запрасіў біскуп Алег Буткевіч падчас святой Імшы.

Перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала прайшла ў бабруйскай святыні. За тыдзень перэгрынацыі, якая завяршылася 29 верасня 2023 года, вернікі кіравалі малітоўныя просьбы да святога Апекуна Касцёла ў Беларусі. Асаблівае месца займала малітва аб канчатковым вяртанні парафіі бабруйскай святыні і аб наданні ёй першапачатковага выгляду. Нагадаем, у савецкі час касцёл страціў гатычную вежу, замест якой да яго прыбудавалі недарэчны пяціпавярховік.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

07 кастрычніка 2023, 08:41