Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Ватыканіст пра Сінод: важна паставіць Хрыста ў цэнтр усяго

Гэты Сінод будзе адрознівацца ад іншых, дыскусіі будуць больш адкрытымі, менш фармальнымі і больш непрадказальнымі, бо цяпер яны будуць праводзіцца метадам “духоўнай гутаркі”, лічыць Андрэа Гальярдучы.

Ян Глінскі

У інтэрв’ю каталіцкаму агенцтву КАІ італьянскі ватыканіст падзяліўся думкамі адносна першай сесіі XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая праходзіць у Ватыкане з 4 па 29 кастрычніка 2023 года. Гальярдучы не прагназуе “вялікіх перамен у Касцёле”, бо “за дзесяць гадоў свайго пантыфікату Святы Айцец паказаў, што прымае рашэнні сам, а не з іншымі”.

Ватыканіст адзначыў, што непакой пэўнай часткі грамадства адносна ўвядзення глабальных зменаў, як напрыклад, святарскага пасвячэння жанчын, цалкам абгрунтаваны. “Ёсць ціск, як унутры Касцёла, так і звонку: пра гэта мараць СМІ, і грамадская думка падштурхоўвае ў гэтым кірунку. І мы ведаем, што некаторыя біскупы вельмі баяцца грамадскай думкі і не жадаюць казаць нешта, што ёй супярэчыць”, - патлумачыў ён, дадаючы: “Але я б сказаў: супакойцеся, падобнае было і на іншых Сінодах”.

У cваёй новай кнізе La Chiesa del futuro. Dieci sfide per i sinodi che veranno (Касцёл будучыні. Дзесяць выклікаў для наступных Сінодаў) Андрэа Гальярдучы паказаў, што Касцёл і да гэтага быў сінадальны. “Святы Павел VI заснаваў Сінод Біскупаў у 1965 годзе. Але паміж свецкімі людзьмі, біскупамі, папамі заўсёды быў узаемны абмен. (…) У Касцёле заўсёды было шмат сімптомаў сінадальнасці, – сцвердзіў італьянскі ватыканіст. – Я лічу, што сінадальнасць застанецца ў Касцёле, але ад нас залежыць, як мы яе сфарміруем”.

Гальярдучы вылучае два найбольш важныя выклікі, якія стаяць перад кожным Сінодам: па-першае, быць канкрэтным праз захаванне памяці пра ахвяру Хрыста “вельмі канкрэтным чынам, якім з’яўляецца Эўхарыстыя”, а па-другое, нанова паставіць Хрыста ў цэнтр усяго.

Ватыканіст нагадвае, што менавіта вакол Эўхарыстыі адбываецца ўсё жыццё Касцёла: “Якім з’яўляецца голас гэтага шматлікага Божага народа, які штодня збіраецца па ўсім свеце на Імшы, не ведаючы ні пра сінадальныя рэформы, ні пра Рымскую курыю? Гэта людзі ўтвараюць Касцёл! Быць канкрэтным азначае паглядзець на гэтых людзей і ўбачыць, што яны найбольш вераць у Эўхарыстыю, без якой няма Касцёла. Касцёл – гэта супольнасць вакол Эўхарыстыі”.

“Ёсць адна рэч, якую ніхто не можа змяніць у Касцёле: гэта факт, што Бог стаў чалавекам у Хрысце. Бо нам пагражае хрысціянства без Хрыста. Мы шмат гаворым аб хрысціянстве і мала пра Хрыста. Мы павінны вярнуцца да Яго”, – лічыць італьянскі ватыканіст.

На яго думку, сёння ў секулярызаваным свеце шмат гаворыцца пра рэлігіі ў выключна прагматычным ключы. “Рэлігіі маюць права голасу, калі кажуць пра сваю грамадскую дзейнасць, але не маюць яго, калі кажуць пра веру. Размова пра веру ў школе часам лічыцца мовай варожасці, – працягваў Гальярдучы. – Патрэбны штодзённы гераізм, каб казаць: “Я католік і лічу, што шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны, якія маюць дзяцей”. І гэта не словы асуджэння людзей, якія жывуць па-іншаму. Гэта не мова варожасці”.
 

07 кастрычніка 2023, 09:31