Пошук

Пленарнае пасяджэнне COMECE у Італіі. Архіўнае фота (24.03.2023) Пленарнае пасяджэнне COMECE у Італіі. Архіўнае фота (24.03.2023)  (ANSA)

COMECE: асуджаем тэрарызм і парушэнне міжнароднага права

Восеньская пленарная сесія Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) распачалася 9 лістапада 2023 года ў Брусэлі святой Імшой у інтэнцыі міру.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дэлегаты епіскапатаў краін Еўрапейскага саюза правялі яе ў старажытным гатыцкім касцёле Нотр-Дам-дзю-Саблон у бельгійскай сталіцы. Эўхарыстычную цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Марыяна Крачата, старшыня арганізацыі.

Удзельнікі літургіі маліліся за Еўрапейскі саюз і за ўсіх, хто працуе ў яго структурах, каб кіраваліся і натхняліся прыкладам айцоў-заснавальнікаў; за мір у свеце, каб быў пакладзены канец віру нянавісці, які, асабліва ва Украіне і Святой Зямлі, выклікае незлічоныя чалавечыя страты; за ахвяр насілля, асабліва за дзяцей, жанчын, пажылых людзей.

“Мы верым, што Бог кіруе лёсам гісторыі, але мы таксама перакананыя ў тым, што Ён робіць гэта, просячы нас быць гатовымі дзейнічаць, дазваляючы святлу Яго мудрасці і надзеі весці нас”, - сказаў у гаміліі італьянскі іерарх.

Удзельнікі трохдзённага пасяджэння COMECE даведаюцца з першых вуснаў пра сітуацыю ў двух бліжэйшых да ЕС рэгіёнах, ахопленых вайной. Яну будуць мець магчымасць для дыялогу з Вярхоўным Архіепіскапам Кіева-Галіцкім Святаславам Шаўчуком, прадстаяцелем Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, і кардыналам П’ербатыстам Піцабалам, Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма.

“Гэта стане нагодай, каб выказаць нашу поўную салідарнасць перад абліччам пакут іх вернікаў, а таксама пацвердзіць наша катэгарычнае непрыняцце тэрарызму, як метаду палітычнай барацьбы, наша асуджэнне ўсіх форм парушэння міжнароднага права, меж, годнасці і цэласнасці кожнай краіны”, - сказаў біскуп Крачата.

У рамках пасяджэння члены COMECE ужо сустрэліся з Атмарам Карасам, віцэ-старшынёй Еўрапейскага парламента, з якім абмеркавалі геапалітычную сітуацыю ў свеце, крызіс у Святой Зямлі і яго ўплыў на сітуацыю ў Еўропе. У сувязі з гэтым, біскуп Крачата выказаў занепакоенасць епіскапатаў ростам праяў антысемітызму і палярызацыяй, а таксама згубай разумення складанасці сітуацыі і пакут людзей з усіх бакоў канфлікту.

У цэнтры дыскусій біскупаў будуць таксама выбары ў Еўрапарламент, якія пройдуць у чэрвені 2024 года. Еўрапейскія грамадзяне заслугоўваюць парламенту “абноўленага і асвежанага таксама з этычнага пункту гледжання”, - сказаў старшыня СOMECE, дадаючы, што мала хто так моцна жадае прасоўваць супольныя інтарэсы і адзінства Еўропы дзеля дабра ўсіх, як біскупы і мясцовыя Касцёлы.
 

10 лістапада 2023, 09:35