Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Італіі: кожнае жыццё – дар, які варта прыняць

Спробы вызначыць “час, калі жыццё ва ўлонні маці” становіцца чалавечым, падобныя да выпадкаў расавай дыскрымінацыі - падкрэслілі члены італьянскага епіскапату.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Колькім жыццям грамадства адмаўляе ў праве на існаванне і пазбаўляе той годнасці, якую лёгка прыпісваюць іншым істотам”, - з жалем падкрэслілі члены Канферэнцыі Біскупаў Італіі на пачатку свайго паслання на 46-ы Нацыянальны дзень жыцця, які Касцёл ў гэтай краіне будзе адзначаць 4 лютага 2024 года.

Ахвяры пагарды да чалавечага жыцця

Іерархі згадалі пра людзей, каштоўнасць жыцця якіх сёння не прызнаецца: мігрантаў, якіх эксплуатуюць ці пакідаюць на волю лёсу сярод пяскоў пустыні ці ў адкрытым моры; работнікаў, якіх набываюць як тавар, за капейкі, нелегальна, падвяргаючы рызыцы з-за адсутнасці мер бяспекі; жанчын, ахвяр гвалту і забойстваў; хворых і інвалідаў, якіх лічаць не вартымі існавання – тымі, для каго “дапамога ў самагубстве або прычыненне смерці – гэта гуманны жэст”; дзяцей, якія ўжо нарадзіліся ці збіраюцца нарадзіцца, чыё жыццё падпарадкавана “жаданням дарослых” і якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі або дзіцячай парнаграфіі, практыкі сурагатнага мацярынства ці гандлю органамі. У гэтым кантэксце “аборт, памылкова названы правам, па-ранейшаму баналізуецца, у тым ліку праз зварот да абартыўных фармакалагічных сродкаў, якія лёгка даступныя”, - дадалі італьянскія біскупы.

Сіла жыцця, якая здзіўляе

У пасланні адзначаецца, што кожнае жыццё мае каштоўнасць і дзіўную сілу, якая дапамагае ў пераадоленні абмежаванняў і праблем. Біскупы нагадалі пра гісторыі людзей, якіх лічылі няпоўнавартаснымі, але яны сталі “арыенцірамі” або дасягнулі поспеху, дэманструючы, што “ніводнае жыццё не павінна дыскрымінавацца, парушацца ці знішчацца з-за якіх-небудзь меркаванняў”. Іерархі згадалі таксама пра хворых, што сталі суцяшэннем для здаровых фізічна, але не духоўна; пра мігрантаў, якія ахвяруюць тое нямногае, што маюць людзям, у якіх больш праблем, чым у іх; пра інвалідаў, якія прыносяць радасць; пра смяротных ворагаў, якія робяць жэсты братэрства і прабачэння; пра непажаданых дзяцей, якія потым становяцца благаслаўленнем.

Новыя пагрозы жыццю

Біскупы звярнулі ўвагу на небяспеку ідэалогій, за якімі стаяць погляды, што дыскрымінуюць жыццё. Спробы вызначэння часу, калі жыццё ва ўлонні маці становіцца чалавечым, яны назвалі падобнымі да выпадкаў расавай дыскрымінацыі. Іерархі звярнулі ўвагу таксама на цяжкасці з акрэсленнем межаў, калі нехта вырашае “ці і калі жыццё мае права на існаванне, прыпісваючы сабе права на тое, каб пакласці яму канец ці прызнаць таварам”.

У пасланні выказваецца занепакоенасць “зменамі ў заканадаўства аб эўтаназіі, якія ўводзяцца на мясцовым і нацыянальным узроўні”. Біскупы патлумачылі, што такім чынам да памылак мінулага дадаюцца новыя, якія сталі магчымымі дзякуючы развіццю тэхналогій і “паступоваму знікненню канцэпцыі недатыкальнасці жыцця”. І калі сёння асуджаецца пагарда да жыцця ў мінулым, “ці мы ўпэўненыя, што заўтра не будзем глядзець з жахам на тое, да чаго сёння былі абыякавымі ці чаго былі нават цынічнымі выканаўцамі?”, - прапанавалі задумацца іерархі.

Абарона жыцця – не толькі рэлігійнае пытанне

Італьянскі епіскапат заклікаў цаніць каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця, дадаючы, што павага да яго не можа быць зведзена да рэлігійнага пытання. Кожнае грамадства павінна паважаць жыццё і падтрымліваць яго як з эканамічнага, так і з сацыяльнага пункту гледжання. Дэмаграфічны крызіс “павінен стаць штуршком для абароны жыцця, якое нараджаецца”, - напісалі яны.

Прыняць кожнае жыццё

Напрыканцы паслання біскупы звярнулі ўвагу на экуменічны і канфесійны аспекты Дня жыцця. Для кожнага верніка абарона і пазіцыя на карысць жыцця – гэта “найважнейшыя абавязацельствы веры і любові”. Таму вызнаўцы ўсіх рэлігій пакліканы “шанаваць Бога і служыць Яму, абараняючы і прызнаючы каштоўнасць жыцця нават самых слабых, даючы сведчанне таго, што кожнае жыццё – гэта дар, які варта прыняць, і які прыносіць у свет – што ўсё больш патрабуе яго – багацце чалавечнасці і духу”.
 

10 лістапада 2023, 10:56