Пошук

Кардынал Леанарда Сандры Кардынал Леанарда Сандры  (Vatican Media)

Кардыналу Леанарда Сандры споўнілася 80 гадоў

18 лістапада 2023 года споўнілася 80 гадоў аднаму з самых вядомых членаў Калегіі кардыналаў і яе віцэ-дэкану, аргенцінскаму кардыналу Леанарда Сандры. Ён страціў права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рымскае служэнне Сандры пачалося ў 1970 годзе – ён быў накіраваны на вучобу на факультэце кананічнага права Грыгарыянскага ўніверсітэта. У 1971 годзе пачаў навучанне ў Папскай касцёльнай акадэміі, якая выхоўвае дыпламатаў Святога Пасада. Праз тры гады яго прызначылі аташэ апостальскай нунцыятуры на Мадагаскары і Маўрыкіі, а ў 1977 годзе перавялі ў канцылярыю Дзяржаўнага сакратарыята. Пасля дванаццацігадовага служэння ў Ватыкане, у 1989 годзе святар стаў дарадцам нунцыятуры ў Злучаных Штатах Амерыкі.

У 1991 годзе Сандры вярнуўся ў Ватыкан як рэгент прэфектуры Папскага дома. Праз год стаў асэсарам секцыі агульных спраў Дзяржсакратарыята. Яшчэ праз пяць – апостальскім нунцыем у Венесуэле. У кастрычніку 1997 года біскупскае пасвячэнне яму ўдзяліў кардынал Анджэла Садана.

У 2000 годзе арцыбіскуп Сандры на паўгода стаў нунцыем у Мексіцы, бо ўжо 16 верасня Ян Павел ІІ прызначыў яго намеснікам па агульных справах (субстытутам) Дзяржсакратарыята. Менавіта ён у суботу 2 красавіка 2005 года абвясціў аб смерці Папы на плошчы Святога Пятра.

У красавіку 2005 года Бэнэдыкт XVI зацвердзіў яго на гэтай пасадзе, а ў чэрвені 2007 года – прызначыў прэфектам Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў. Той жа Папа зрабіў яго кардыналам 24 лістапада 2007 года.

Сандры ўдзельнічаў у канклаве ў сакавіку 2013 годзе, на якім абралі Францішка. У 2014 годзе гэты Пантыфік зацвердзіў яго на пасадзе прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў, а ў 2020 годзе ўхваліў яго абранне віцэ-дэканам Калегіі кардыналаў. 21 лістапада 2022 года іерарх сышоў у адстаўку з пасады прэфекта Кангрэгацыі.

У цяперашні час у Калегіі кардыналаў – 241 іерарх, 135 маюць права ўдзельнічаць у канклаве. 98 з іх кардыналамі абвясціў Францішак.
 

18 лістапада 2023, 11:30