Латэранская базіліка – год святкавання 1700-годдзя заснавання
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Запланавана мноства падзей, якія будуць праходзіць па трох асноўных напрамках: духоўным, мастацка-культурным і музычным.
9 лістапада 2023 года ў 17.30, у свята гадавіны асвячэння Базілікі, кардынал Анджэла дэ Данаціс, папскі вікарый Рымскай дыяцэзіі ўзначаліць урачыстую Эўхарыстыю з удзелам хору Рымскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам вядомага кампазітара, ксяндза Марка Фрызіны, які выканае Імшу, напісаную ім адмыслова да юбілею катэдры Біскупа Рыма.
“Спеў Латэранскага касцёла – адна з самых прыгожых з’яў. Мастацтва прызначана для выражэння вялікіх чалавечых пачуццяў, і праз прыгажосць Рыма і Латэрана – дзе знаходзіцца Папа і еднасць, якую ён прадстаўляе – мы можам адказаць на патрэбу ў выразе веры”, - падкрэсліў кардынал дэ Данаціс падчас прэзентацыі праграмы святкавання.
Ксёндз Фрызіна і яго хор выступяць таксама падчас каляднага канцэрта Рымскай дыяцэзіі 17 снежня 2023 года і канцэрта ў гонар урачыстасці Унебаўшэсця Пана – 12 мая 2024 года. А 1 лістапада 2024 года прагучыць памятны In hoc signo – твор Фрызіны, прысвечаны Канстанціну. Менавіта рымскі імператар заснаваў Латэранскую базіліку, створаную па ўзоры паганскіх храмаў. Асвячоная ў 324 годзе Папам Сільвестрам I, яна стала першым месцам, дзе хрысціянская супольнасць Рыма сабралася ў адным будынку.
"Прысвечаная спачатку Найсвяцейшаму Збаўцу, а затым, праз стагоддзі, святому Яну Хрысціцелю і святому Яну Евангелісту, базіліка і яе будынкі бачылі такіх святых, як Амброзій, Францішак, Дамінік, Ігнацый Лаёла і Тэрэза з Лізьё”, - нагадаў падчас прэзентацыі мансеньёр Андрэа Ланарда, дырэктар Універсітэцкага душпастырскага бюро ў Рыме. Сабор таксама наведалі: Эразм Ратэрдамскі, Караваджа, Галілеа Галілей і Джон Толкін. Лічыцца, што кампазітар Вольфганг Амадэй Моцарт быў у храме прынамсі ў дзяцінстве, а Георг Фрыдрых Гендэль даваў тут арганны канцэрт у 1707 годзе.
“Рымскі Касцёл рыхтуецца да гэтых падзей з вялікім жаданнем аднаўлення веры, - патлумачыў кардынал Дэ Данаціс. - Я веру, што гэта стане імкненнем супольнасцей, якія прыбудуць сюды, у катэдру, асабліва падчас Вялікага посту, менавіта для таго, каб разам аднавіць веру ў Пана”. Велікапосная statio ад баптыстэрыя да катэдры пройдзе 18 лютага 2024 года.
У праграму ўрачыстасцей, якія завершацца 9 лістапада 2024 года, будуць дададзеныя і іншыя мерапрыемствы. “Гэта будзе год, калі вернікі змогуць атрымаць поўны адпуст, а жыхары – даведацца пра гісторыю аднаго з самых важных месц у Рыме. Наша жаданне – пражыць гэты год, адчыніўшы дзверы, каб больш рымлян змаглі наблізіцца да сапраўднага скарбу”, - заключыў папскі вікарый Рымскай дыяцэзіі.
Удзел Пантыфіка ў юбілейнай праграме пакуль не пацверджаны. На студзень 2024 года запланавана яго сустрэча са святарамі дыяцэзіі. Арганізатары спадзяюцца, што Францішак будзе прысутнічаць на Імшы, якой завершыцца юбілейны год.