XXXVII Сусветныя дні моладзі XXXVII Сусветныя дні моладзі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Сусветныя дні моладзі абышліся танней, чым чакалася

Арганізацыя Сусветных дзён моладзі, якія прайшлі 1-6 жніўня 2023 года ў Лісабоне, абышлася мэрыі партугальскай сталіцы танней, чым чакалася першапачаткова.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле гарадскіх улад, на арганізацыі глабальнай сустрэчы маладых католікаў з Папам, удалося зэканоміць ажно 1 мільён еўра з бюджэту Лісабона.

Мэр горада Карлуш Моэдаш паведаміў, што на жнівеньскае мерапрыемства горад выдаткаваў 33,9 мільёна еўра. Палітык растлумачыў, што эканомія была дасягнута, між іншым, дзякуючы меншым выдаткам на будаўніцтва алтара, размешчанага ў цэнтры горада, на плошчы Маркіза дэ Памбала, дзе 1 жніўня 2023 года адбылося адкрыццё СДМ.

У кастрычніку таксама ўрад Партугаліі абвясціў, што выдаткаваў менш – агулам 18,2 мільёна еўра – на арганізацыю Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. Як патлумачыла міністр па справах парламента Ана Катарына Мендэс, гэта сума з'яўляецца доказам таго, што ўраду ўдалося скараціць запланаваныя выдаткі з бюджэту да ўзроўню 20 мільёнаў еўра.

Міністр сацыялістычнага ўрада прызналася, што шэраг міністэрстваў, у тым ліку юстыцыі, аховы здароўя, унутраных спраў, адміністрацыі, інфраструктуры, а таксама экалогіі і эканомікі, да гэтага часу не склалі каштарыс сваіх выдаткаў на правядзенне моладзевага форума.

Сёлетнія Сусветныя дні прайшлі дзякуючы сумеснаму фінансаванню Касцёла, урада Партугаліі і мясцовых органаў улады. Агульная сума выдаткаў на арганізацыю мерапрыемства, якое наведала каля мільёна чалавек, пакуль невядомая.
 

09 лістапада 2023, 10:14