Пошук

Трапісткі ў Сірыі: мы застаёмся, каб несці людзям надзею

“Манахіні – гэта голас Касцёла, які нястомна праслаўляе Бога, дзякуе Яму і ўзносіць просьбы за ўсё чалавецтва”, - падкрэсліў Францішак ва ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, калі Касцёл моліцца за кляўзуровыя манаскія супольнасці.

Ян Глінскі

“Праз сваю малітву яны супрацоўнічаюць з самім Богам. Не дазволім жа, каб было недастаткова нашай удзячнасці ім і канкрэтнай падтрымкі”, - заклікаў Святы Айцец.

Прыкладам такой супольнасці з’яўляюцца італьянскія трапісткі, якія ад 2008 жывуць у Сірыі. Па словах настаяцельніцы сястры Марты Фаньяні, яе супольнасць прыбыла ў гэтую блізкаўсходнюю краіну, маючы жаданне наследаваць Хрыста па прыкладу айцоў трапістаў з алжырскага Тыбірына, дзе тыя зведалі мучаніцкую смерць у 1996 годзе.

“Перш за ўсё мы хочам весці тут бенедыктынскае манаскае жыццё, такое, якім яно ёсць, і якое, дарэчы, адсюль з Сірыі мае свае карані. Бо менавіта тут распачаўся манастыцызм. Безумоўна, у сувязі з усім, што здарылася ў апошнія гады ў Сірыі, мы хочам таксама несці надзею. Сам факт, што мы тут засталіся, ва ўсёй нашай слабасці і беднасці, што мы засталіся, калі людзі ўсё больш думаюць пра выезд, тое, што мы будуем тут наш кляштар, калі ўсё знішчаецца, ужо такім чынам мы стараемся паказаць людзям, які сапраўдны сэнс нашага жыцця, даць сведчанне, што жыццё мацнейшае за любую сітуацыю смерці, якая распаўсюджваецца вакол нас. Але ўсё гэта, канешне, мы робім у імя Хрыста. Зразумела, што мы можам жыць так толькі таму, што Пан застаецца з намі. Таму мы абапіраемся не на нашы чалавечыя сілы, а на надзею, моцна закаранёную ў веры. І ўсё гэта на зямлі, дзе жывуць мусульмане і хрысціяне, дзе людзі яшчэ ведаюць, што жывуць у прысутнасці Пана. У такой прасторы мы вядзём наша манаскае жыццё”, - падзялілася ў размове з Vatican News сястра Фаньяні.

У 2008 годзе італьянскія трапісткі закладалі сваю супольнасць у Алепа. У той час Сірыя яшчэ была квітнеючай і адкрытай краінай, але праз тры гады распачалася вайна, і тады сёстры падзялілі з сірыйцамі ўсе цяжары небяспечнага канфлікту. Цяпер, калі ў рэгіёне сітуацыя стабілізавалася, гэтая манаская супольнасць з’яўляецца духоўнай апорай для тых, хто застаўся ў краіне. У апошнія гады сюды ўсё часцей прыязджаюць на рэкалекцыі хрысціяне з Алепа, Дамаска і Хомса.

“Некаторыя прыходзяць сюды, каб знайсці суцяшэнне ў прыгожым атачэнні. Іншыя прыбываюць з больш глыбокімі пытаннямі. Яны прагнуць адкрыць больш грунтоўны духоўны фундамент, павялічваецца ў іх прагненне моцных адносін з Хрыстом, якія даюць ім сэнс, а таксама даюць адказы на найбольш складаныя пытанні”, - дадала настаяцельніца.

“Мы хочам працягваць нашую безразважнасць і працягваць будаваць наш кляштар, бо ён з’яўляецца знакам прысутнасці Бога. Пра гэта сведчыць таксама гісторыя Еўропы. Як хрысціяне, як людзі добрай волі мы павінны ствараць візію будучыні. Без гэтага адна матэрыяльная дапамога Сірыі, хоць і неабходная, не мае значэння, не мае будучыні”, - упэўнена сястра Марта Фаньяні.

24 лістапада 2023, 08:02