Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

За духавенства і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі маліліся ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. Яна была абрана галоўнай Апякункай дыяцэзіі. 16 лістапада 2023 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў катэдры ў прысутнасці шматлікіх жыхароў горада. Ардынарый заахвоціў удзельнікаў літургіі прасіць у Маці Божай Вастрабрамскай, каб Яна вымаліла для іх ласку моцнай веры і любові да Хрыста.

Прызначаны пяць юбілейных святыняў з нагоды святкавання 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі. Гэта касцёлы ў Браславе, Глыбокім, Паставах, Полацку і катэдра ў Віцебску. Адпаведныя памятныя дошкі 13 лістапада 2023 года пробашчам гэтых парафій уручыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Святкаванне юбілею працягнецца да 1 снежня 2024 года – пры наведванні вызначаных святыняў да гэтага часу можна атрымаць поўны адпуст пры звычайных умовах.

У Беларусі адзначылі 400-годдзе мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча. Урачыстасці з гэтай нагоды 12 лістапада 2023 года прайшлі з удзелам іерархаў. У Сапоцкіне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу падчас адпустовай урачыстасці. А ў віцебскай катэдры падвялі вынікі літаратурна-мастацкага конкурсу ў гонар святога Язафата, апекуна дыяцэзіі. Узнагародзіў пераможцаў і цэлебраваў Эўхарыстую біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

За спачылага ксяндза Здзіслава Вэдэра маліліся з удзелам біскупаў у Смаргоні, Ашмянах і Мінску. 13 лістапада 2023 года цэлебрацыю жалобнай святой Імшы ў смаргонскай парафіі святога Арханёла Міхала ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Менавіта ў гэтай парафіі доўгі час служыў ксёндз Здзіслаў, які быў найстарэйшым салезіянінам у Беларусі. У той жа дзень у Мінску цэлебрацыю разам з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. А назаўтра ў ашмянскай парафіі падчас дня засяроджання для духавенства і кансэкраваных асобаў Гродзенскай дыяцэзіі за спачылага маліліся разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

У Мінску прайшоў Пленарны сход Каардынацыйнай групы манаскіх настаяцеляў з усёй Беларусі. 13 лістапада 2023 года ў пасяджэнні ўзялі ўдзел Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч і біскуп Аляксандр Яшэўскі, адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця. Прадстаўнік Папы Францішка ва ўступным слове заахвоціў удзельнікаў сустрэчы будаваць духоўныя масты, рабіць сваё кансэкраванае жыццё больш прывабным, асабліва праз сваю радасць. Падчас працоўнай часткі былі прадстаўлены і дапрацаваны планы і мерапрыемствы для жыцця і развіцця манаскіх супольнасцяў.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пасвяціў браму-званіцу на гістарычным месцы ў Стоўбцах. 12 лістапада 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў набажэнства на ўчастку, дзе знаходзіўся старадаўні касцёл святога Казіміра. Намаганнямі пробашча стаўбцоўскай парафіі ксяндза Ігара Лашука на ахвяраванні мясцовай каталіцкай супольнасці новая брама-званіца была збудавана на гістарычным месцы паводле планаў і архіўных дакументаў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

18 лістапада 2023, 08:51