Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Зацверджаны дэвіз новага, 2024 пастырскага года: Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі. Гэта адбылося на 88-м Пленарным пасяджэнні беларускага епіскапату, якое прайшло 21-22 лістапада 2023 года. Падчас пасяджэння біскупы таксама прынялі пераклады літургічных тэкстаў для Рымскага Імшала з мэтай іх далейшага накіравання ў Апостальскую Сталіцу для зацвярджэння. Акрамя таго, было абмеркавана пытанне падрыхтоўкі і святкавання 2025-годдзя хрысціянства, прынятая прапанова правядзення Агульнабеларускай сустрэчы моладзі ў Браславе 23-24 жніўня 2024 года.

У Касцёле пацвердзілі затрыманне пробашча ў Валожыне. Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі апублікавала 24 лістапада 2023 года паведамленне ў сувязі з атрыманай інфармацыяй адносна двух святароў. Ксендз Генадзь Акалатовіч, пробашч парафіі Святога Юзафа ў Валожыне ў сувязі з затрыманнем на дадзены момант не можа выконваць душпастырскія абавязкі, гаворыцца ў паведамленні. Акалічнасці справы высвятляюцца. Справа ксяндза Ігара Лашука, пробашча парафіі Святога Казіміра ў Стоўбцах, даследуецца ў святле нормаў Кодэкса Кананічнага Права, паведаміў прэс-сакратар архідыяцэзіі ксендз Юрый Санько і папрасіў аб малітве за святароў.

Дзень засяроджання для духавенства дыяцэзіі прайшоў у Гродне. 20 лістапада 2023 года святары і законныя сёстры ўдзельнічалі ў набажэнствах, канферэнцыях і Эўхарыстыі – яе цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Тэмай казання, якое прамовіў духоўны айцец гродзенскай семінарыі ксёндз Ян Сарэла, была чуйнасць на Божыя справы, а найперш пазбяганне духоўнай слепаты, якая перашкаджае заўважаць дзейнасць Бога і патрэбы іншых людзей.

Прэзентацыя ў Беларусі Апостальскай адгартацыі Папы Францішка праходзіць у Нарачы. 25 лістапада 2023 года тут прадстаўляюць дакумент Пантыфіка Гэта давер, які выйшаў пад назвай на французскай мове C’est la сonfianсe – з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. Пераклад на беларускую мову здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры біскупскай канферэнцыі. Прэзентацыю праводзіць у межах свайго візіту ў Беларусь Генеральны настаяцель Ордэна кармэлітаў босых айцец Мігель Кале.

Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага ўшанавалі на яго малой радзіме. 21 лістапада 2023 года ў вёсцы Барацін Карэліцкага раёна адбылося благаслаўленне крыжа і памятнага знака ў гонар Слугі Божага. Па ініцыятыве пробашча карэліцкай парафіі айца Ежы Саковіча і пры падтрымцы мясцовай улады ўдалося хутка ўпарадкаваць тэрыторыю і паставіць крыж. На ўрачыстасць сабраліся вернікі Карэліцкага раёна, прадстаўнікі ўлады на чале са старшынёю райвыканкама, духавенства суседніх парафій, айцы паўліны, сёстры назарэтанкі з Навагрудка.

У Гудагаі ўшанавалі святога Рафала Каліноўскага. 20 лістапада 2023 года браты кармэліты босыя з усёй Беларусі сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай з нагоды ўспаміну апекуна вікарыяту. Ва ўзросце 42 гадоў ён уступіў у ордэн кармэлітаў і аднавіў гэтую супольнасць на беларускіх землях. У святыні адбылася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў aйцец Сяргей Мацюшонак. На літургіі маліліся аб шчодрасці Божых дароў для ўсяго ордэну кармэлітаў босых, а таксама аб яго развіцці ў Беларусі.

У Тракелях ладзяць конкурс ёлачнай цацкі. Дзеці і дарослыя запрашаюцца да ўдзелу ў конкурсе Калядная казка, які праводзіць санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў. Праект накіраваны на ўмацаванне сямейных сувязяў шляхам сумеснага прыемнага баўлення часу, умацаванне сувязяў з парафіяльнай супольнасцю, развіццё і дэманстрацыю мастацкай творчасці. На конкурс прымаюць зробленыя сваімі рукамі калядныя цацкі. Пераможцаў вызначаць онлайн-галасаваннем.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

25 лістапада 2023, 08:36