У Бахрэйне да Юбілею мучанікаў адчынілі Святую браму
Марыя Валодзіна - Vatican News
Касцёл Аравійскага паўвострава распачаў Юбілейны год, прымеркаваны да 1500-годдзя мучаніцтва святога Арэта і іншых пакутнікаў Аравіі (523-2023). Падчас Імшы ў катэдры Маці Божай Аравійскай ў Авалі была адчынена адна з дзвюх Святых брам. Цырымонію ўзначаліў Апостальскі вікарый Паўночнай Аравіі, біскуп Альда Бэрардзі.
З гаміліяй выступіў арцыбіскуп Юджын Марцін Нуджэнт, Апостальскі нунцый у Бахрэйне, Кувейце і Катары. Ён перадаў католікам Аравійскага паўвострава благаслаўленне Папы і запэўніў у яго малітоўнай падтрымцы.
Юбілей – час духоўнага аднаўлення
У сваёй гаміліі арцыбіскуп Нуджэнт выказаў спадзяванне, што Юбілейны год стане часам ласкі і духоўнага аднаўлення для каталіцкай супольнасці.
Ён нагадаў пра пераслед, якому ў наш час падвяргаюцца многія хрысціяне ў розных частках свету. Апостальскі нунцый заклікаў хрысціян штодня сведчыць Евангелле любові па прыкладу святога Арэта, які быў забіты разам з 4000 хрысціян у даісламскую эпоху. Гэта адбылося ў Наджраце падчас пераследу 523 года.
Чэрпаць натхненне ў мінулым
"Пакутнікі захавалі хрысціянскую веру, нягледзячы на насмешкі, пераслед і пагрозы. Яны былі цвёрдыя ў сваёй веры. Мінулае павінна натхняць нас. Тагачаснае жыццё не было лягчэй, чым сённяшняе", - сказаў падчас Імшы біскуп Бэрардзі.
Іерарх назваў веру, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, "маяком у буру і святлом у цемры". Ён нагадаў католікам Аравійскага паўвострава, што яны сведчаць пра Хрыста сваімі словамі і ўчынкамі, “сумленным і паслядоўным жыццём, арыентаваным на дабро і прыгажосць, братэрскую любоў і прыхільнасць міру, справядлівасці і талерантнасці”.
Дзве Святыя брамы
9 лістапада 2023 года Святую браму адчыняць таксама ў катэдры святога Юзафа ў Абу-Дабі, што ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Цырымонію ўзначаліць біскуп Паола Марцінэлі, Апостальскі вікарый Паўднёвай Аравіі. Францішак наведваў гэтую святыню падчас апостальскага падарожжа ў ААЭ ў лютым 2019 года.
Папа дараваў поўны адпуст ўсім вернікам, якія здзейсняць пілігрымку да адной з Святых брам Аравійскага паўвострава да канца Юбілейнага года, які завершыцца 23 кастрычніка 2024 года.