Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе праходзіць сустрэча ў межах Года падзякі Маці Божай і падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла ў Беларусі Сэрцу Езуса. 2 снежня 2023 года ў Нацыянальным санкутарыі адбываецца чарговае малітоўнае спатканне, за арганізацыю якога адказваюць духавенства і вернікі Магілёўскага дэканату Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – яно прысвечана пятай Божай запаведзі. У праграме – набажэнствы, канферэнцыя, святая Імша, цэлебрацыю якой ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Першы Агульнабеларускі форум касцёльнага права адбыўся пад Мінскам. 28 лістапада 2023 года ў цэнтры Caritas у Ляскоўцы сабраліся кананісты і іерархі. Падчас форуму кананічнае права разглядалася ў перспектыве сінадальнасці, да чаго заклікае Папа Францішак, улічваючы ўсё большую ролю, якую адыгрываюць свецкія вернікі ў місіі Касцёла, а таксама жаданне розных канфесій разам супрацоўнічаць і дзяліцца вопытам ў пытаннях прававога рэгулявання дзейнасці рэлігійных арганізацый. Прывітаў удзельнікаў Апостальскі нунцый ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

У Лідзе з удзелам трох біскупаў адзначылі юбілей піярскай парафіі. 25 лістапада 2023 года адбыліся ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя мясцовай супольнасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскi арцыбіскуп Юзаф Станеўскi, таксама ў свяце ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які заснаваў гэтую парафію. Акрамя таго, па запрашэнні піяраў прыбылі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і госці з Кракава.

Сустрэча з нагоды XXXVIII Сусветнага дня моладзі адбылася ў Полацку. 25 лістапада 2023 года ў парафіі святога Андрэя Баболі сабралося каля 160 вернікаў – моладзь і душпастыры з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі. Удзельнікам прапанавалі канферэнцыю на тэму надзеі, затым прайшла праца ў групах. Святую Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Сустрэча завяршылася адарацыяй і дыскатэкай.

У Мінску прайшла першая ў Беларусі хрысціянская IT-канферэнцыя. 25 лістапада 2023 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры распрацоўшчыкі, дызайнеры, мэнаджэры, аналітыкі і спецыялісты ў галіне мас-медыя правялі сустрэчу па тэме Інтэрнэт-тэхналогіі для Хрыста. Мэтай канферэнцыі стала стварэнне хрысціянскай IT-супольнасці для новых праектаў для Касцёла і евангелізацыі. Колькасць удзельнікаў склала каля 70 чалавек – прадстаўнікоў розных канфесій. Святую Імшу падчас канферэнцыі цэлебраваў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Генеральны настаяцель кармэлітаў босых наведаў Гудагай. 26 лістапада 2023 года ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай здзейсніў візіт айцец Мігуэль Маркез Калле, генеральны настаяцель кармэлітаў босых. Ён сустрэўся з братамі, якія служаць у Гудагаі. Візіт стаў нагодай да сумеснай малітвы ў інтэнцыі кармэліцкай супольнасці ва ўсім свеце. Таксама госць наведаў супольнасць кармэлітаў босых і парафію Божага Цела ў Мінску.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

02 снежня 2023, 09:15