Пошук

Епіскапат ЗША на сустрэчы з Папам. Ілюстрацыйнае фота Епіскапат ЗША на сустрэчы з Папам. Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы ЗША занепакоены пагрозамі для свабоды веравызнання

Амерыканскі епіскапат апублікаваў даклад аб пагрозаў для рэлігійнай свабоды ў ЗША. У дакуменце надаецца ўвага розным праектам законаў, якія могуць “ударыць” па дабрачыннай дзейнасці рэлігійных арганізацый і па свабодзе сумлення вернікаў.

Ян Глінскі

Даклад быў апублікаваны 16 студзеня 2024 года – у Нацыянальны дзень свабоды веравызнання ў ЗША. З прычыны нарастаючай палярызацыі, якая спрыяе экстрэмізму, асаблівую занепакоенасць выклікае бяспека святыняў. Магчымыя атакі на месцы культу з’яўляюцца найбольшай пагрозай для вернікаў. Сінагогі і мячэці знаходзяцца ў небяспецы з-за напружанасці, якая суправаджае канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАСам. Каталіцкія касцёлы, у сваю чаргу, могуць атакаваць левыя і правыя экстрэмісты. Першыя крытыкуюць Касцёл, займаючы праабортную пазіцыю, другія ж выступаюць супраць таго, каб вернікі клапаціліся пра бежанцаў і мігрантаў.

Як сцвярджаецца ў дакуменце, неабходнасць асуджэння магчымай пагрозы жыццю вернікаў у ЗША з’яўляецца надзвычайнай сітуацыяй у гісторыі працы мясцовай епіскапальнай камісіі па свабодзе веравызнання. “Аднак няма большай пагрозы для рэлігійнай свабоды, чым адсутнасць бяспекі месцаў культу і, на жаль, наша краіна знаходзіцца там, дзе такая перспектыва рэальная”, - падкрэсліваюць аўтары.

У дакладзе таксама адзначаецца, што розныя прапанаваныя прававыя змены могуць прывесці да таго, што рэлігійныя медыцынскія ўстановы будуць вымушаныя праводзіць аперацыі па змене полу, а тыя арганізацыі, якія падтрымліваюць мігрантаў, могуць быць пазбаўлены фінансавання.

Біскупы таксама занепакоены, што ў школах, на працоўных месцах і ў іншых грамадскіх асяродках будуць усё больш ізалёўваць людзей, якія, кіруючыся верай, падкрэсліваюць каштоўнасць сужэнства і абараняюць гендэрную разнастайнасць.
 

19 студзеня 2024, 08:59