Фернандэс: благаслаўленне не ўзаконьвае гомасексуальныя адносіны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс адзначыў, што благаслаўленне не ўзаконьвае гомасексуальныя адносіны. Яго словы з'яўляюцца рэакцыяй на абвінавачванні ў адрас дэкларацыі Fiducia supplicans.
Іерарх патлумачыў, што Дэкларацыя нагадвае аб існаванні ў тым ліку і спантаннага апостальскага жыцця, бо акрамя літургічнага благаслаўлення, якое наступае пасля фармальнага рытуалу і патрабуе выканання рознага роду ўмоў, каб не пярэчыць волі Божай, існуе таксама іншы тып благаслаўлення, якое мы называем спантанным або душпастырскім – яно даецца тады, калі людзі шукаюць Божай сілы, каб ісці наперад у жыцці. Такое благаслаўленне не патрабуе дасканаласці. Яно заахвочвае святароў адлюстроўваць у сваім жыцці стаўленне Езуса да людзей.
Ён дадаў, што калі гэта нерэгулярная пара, малітва за іх з просьбай аб здароўі, супакоі і абароне з’яўляецца евангельскай. І знак крыжа на лбе кожнага з іх з'яўляецца евангельскім. Святар таксама можа даць ім параду: “Старайцеся быць вернымі Евангеллю, каб лепш адказваць на волю Божую”.
“Благаслаўленне – гэта заўсёды магчымасць абвяшчаць Хрыста і Яго бясконцую пяшчоту. Я не знаходжу аргументаў, каб сказаць, што гэта не евангельскія рэчы”, - прызнаўся блізкі супрацоўнік Францішка.
Прэфект Дыкастэрыі веравучэння падкрэсліў, што душпастырскае благаслаўленне “не залежыць ад сітуацыі асобнага чалавека або дзвюх асоб ці груп, якія просяць аб ім”, і “магчыма, гэты момант трэба падкрэсліваць”.
Кардынал Фернандэс яшчэ раз заўважыў, што дэкларацыя не ўносіць змен у каталіцкае вучэнне аб сужэнстве і не ўзаконьвае гомасексуальныя адносіны.
“Дакумент не абараняе ні гей-лобі, ні праявы гей-гонару. Нічога такога. Замест гэтага ў яго змесце заклапочанасць лёсам многіх вернікаў, якія пакутуюць ад адчування, што яны знаходзяцца па-за Касцёлам, ад таго, што не могуць прыняць ніякага жэсту айцоўскай блізкасці. Калі пара здзяйсняе пілігрымку і прыходзяць у свой любімы касцёл, яна атрымлівае там благаслаўленне, нават ведаючы, што гэта не адпушчэнне грахоў: гэта як ласка Бога, як глыток свежага паветра, які Касцёл дае двум пілігрымам”, - лічыць прэфект Дыкастэрыі веравучэння.