Пошук

Біскуп Антоніа Стальяно Біскуп Антоніа Стальяно 

Італьянскі біскуп пра Fiducia supplicans: Бог блізкі да ўсіх

Пра дактрынальную дэкларацыю Fiducia supplicans паразважаў на старонках Avvenire старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі, біскуп Антоніа Стальяно.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У асобе Езуса ўвасабляецца досвед любові, якая ідзе ад вечнасці: напачатку ўсяго, да першароднага граху, была Божая міласэрнасць. Няма нічога, што не ўваходзіла б у гарызонт любові Езуса. У перадачы веры, у душпастырскай дзейнасці Касцёла, у распазнаванні пастыраў, непахіснай застаецца Божая міласэрнасць, якая "была спачатку", - напісаў біскуп Стальяно.

У любой чалавечай сітуацыі нельга забываць пра сведчанне Езуса, які любіць усіх, надаючы пераважную ўвагу бедным, беспрытульным, бяздольным і тым, хто адчувае экзістэнцыяльны дыскамфорт ад непераадольных "неўрэгуляванасцяў", часта навязаных жыццём, прасякнутым глупствам і несправядлівасцю. Душпастырская задача – клапаціцца пра чалавечыя адносіны ва ўсіх іх бясконцых праявах і ўмовах, у святле Евангелля, а значыць, у святле Божай міласэрнасці. Кожны чалавек можа разлічваць на гэтую міласэрнасць.

Ніхто не можа быць выключаны, пазбаўлены Божай любові: ні "неўрэгуляваныя пары", ні нават аднаполыя пары. Бог блізкі да ўсіх, лічыць італьянскі біскуп.

Як падцвердзіла Fiducia supplicans, вучэнне Касцёла пра непарыўнае сужэнства мужчыны і жанчыны застаецца непарушным. Душпастырскі выклік у тым, каб зразумець, які магчымы жэст, стаўленне, слова, нейкая форма адносін, дазволяць не выключаць нікога, не пазбаўляць нікога добразычлівасці і міласэрнасці Бога.

Fiducia supplicans запрашае зірнуць на чалавечую рэальнасць – складаную і супярэчлівую – але заўсёды благаслаўлёную Богам. Калі благаслаўляецца чалавек, гэта адбываецца не абстрактна, а канкрэтна. Благаслаўляецца гэты канкрэтны чалавек, які спадзяецца, любіць, трывае няўдачы, плача і радуецца, просіць прабачэння і атрымлівае яго “таямнічымі шляхамі Святога Духу, які глядзіць не на знешнасць, а ў сэрца”, - напісаў тэолаг.

Францішак кажа пра "душпастырскае благаслаўленне", якое, не з'яўляючыся літургічным і сакраментальным, дазваляе благаслаўляць не столькі "гомасексуальныя пары як саюзы", колькі "гомасексуальных людзей у пары". “Ці можна гэта рабіць? Так, безумоўна. Ніякія тэалагічныя аргументы не могуць з каталіцкага пункту гледжання абвергнуць гэтую магчымасць”, - лічыць біскуп, дадаючы, што Папа прыняў гэта рашэнне дзеля дабра ўсяго Касцёла, вярнуўшы яго да Евангелля міласэрнасці. Ён таксама даў душпастырам свабоду: самім распазнаваць і прымаць рашэнне ў залежнасці ад культурнага кантэксту.

Душпастырская дзейнасць павінна будзе зыходзіць з Божай міласэрнасці (якая ўключае і ацаляе ўсіх), а не з граху (які выключае і падзяляе). “Хіба не ў гэтым заключаецца хрысціянскае вучэння прадвызначанасці ў Хрысце? Хіба не ў гэтым эсхаталагічнае вучэнне аб траплянні на нябёсы за сапраўдную любоў, дзякуючы міласэрнасці Божай?” - пытаецца тэолаг.

Душпастырскія благаслаўленні людзей у “неўрэгуляваных” і аднаполых парах прымусіць нас прасіць прабачэння за тое, што ў іншыя часы мы "благаслаўлялі зброю і арміі", благаслаўляючы тым самым гвалт і войны (што абсурдна!). А таксама прасіць благаслаўлення для людзей, якія жывуць у сужэнстве (для "урэгуляваных пар"), каб яны любілі адзін аднаго "па-Боску", а не "па-мірскі", ва ўзаемным самаахвяраванні, а не ва ўзаемным выкарыстанні. Якім павінна быць каханне, каб яно было такім, якім павінна быць? Душастырская адукацыя павінна адказаць на гэтае пытанне з усёй канкрэтнасцю, калі пастыр сапраўды любіць сваю паству, - напісаў біскуп Стальяно.

10 студзеня 2024, 13:52