Кардынал Фрыдалін Амбонга Кардынал Фрыдалін Амбонга  

Касцёлы ў Афрыцы не будуць благаслаўляць аднаполыя пары

Старшыня Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM) апублікаваў ухвалены Папам ліст, у якім пацвярджае, што ў Афрыцы “віды благаслаўлення, прапанаваныя дэкларацыяй Fiducia supplicans, не могуць быць рэалізаваны без рызыкі скандалу”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Таму афрыканскія біскупы не лічаць мэтазгодным благаслаўляць аднаполыя саюзы, таму што ў Афрыцы гэта выклікала б блытаніну і прама супярэчыла б культурнаму этасу мясцовых супольнасцей.

У самым пачатку агучанага 11 студзеня 2024 года ліста кардынал Фрыдалін Амбонга запэўніў у непахіснай прыхільнасці Наступніку Пятра, еднасці з ім і вернасці Евангеллю. Ён паведаміў, што тэкст быў ухвалены Францішкам і прэфектам Дыкастэрыі веравучэння, кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам. У ім недвухсэнсоўна сцвярджаецца, што вучэнне Касцёла аб сексуальнай сферы чалавека не змянілася.

Мітрапаліт Кіншасы заявіў, што агучаны ім дакумент з’яўляецца падсумаваннем пазіцый, прынятых рознымі біскупскімі канферэнцыямі ў адказ на дэкларацыю Fiducia supplicans. Ён прызнаў, што ў Афрыцы Дакумент выклікаў шок і моцную рэакцыю, пасеяўшы замяшанне і трывогу ў свядомасці многіх свецкіх і сярод духавенства.

Кардынал Амбонга пацвердзіў, што Касцёл у Афрыцы пацвярджае сваю прыхільнасць да душпастырскай апекі над усімі вернікамі. Да людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі трэба ставіцца з павагай і годнасцю, адначасова нагадваючы ім, што аднаполыя саюзы супярэчаць волі Бога і таму не могуць атрымаць благаслаўлення Касцёла.

Іерарх таксама нагадаў, што вучэнне Касцёла апісвае гомасексуальныя адносіны як “унутрана бязладныя” (Кангрэгацыя Веравучэння, дэкларацыя Persona humana, 8); яны супярэчаць натуральнаму праву.

Акрамя таго, як адзначыў кардынал Амбонга, культурны кантэкст у Афрыцы, які глыбока ўкаранёны ў каштоўнасцях натуральнага права адносна сужэнства і сям'і, яшчэ больш ускладняе прыняцце аднаполых саюзаў, таму што яны ўспрымаюцца як супярэчныя культурным нормам і па сутнасці заганныя.

На заканчэнне, адмаўляючыся ад магчымасці благаслаўлення аднаполых пар, прадстаўнік афрыканскіх епіскапатаў адзначыў, што мова ватыканскай Дэкларацыі занадта складаная для разумення звычайнымі людзьмі.
 

12 студзеня 2024, 11:44