Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Катар: тысячы хрысціян на навагодніх набажэнствах

Да 30 тысяч хрысціян прынялі ўдзел у навагодніх імшах і набажэнствах, арганізаваных хрысціянскімі Цэрквамі ў Катары.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Альда Берардзі, апостальскі вікарый для Паўночнай Аравіі, назваў цэнтральную Імшу ў мінулы панядзелак “знакам надзеі і адзінства” для каталіцкай супольнасці ў краіне.

Пробашч катэдры Маці Божай Ружанцовай у Досе, сталіцы Катара, ксёндз Саўер д’Соўза, падзякаваў біскупу за яго “нястомныя намаганні” на карысць супольнасці. Ён таксама выказаў падзяку эміру Катара і жыхарам краіны за падтрымку ў будаўніцтве касцёльных структур.

Катэдра, асвечаная ў 2008 годзе, з'яўляецца першым каталіцкім храмам у эміраце. Зямельны ўчастак для яе будаўніцтва выдзеліў асабіста эмір. Сёння храм стаў цэнтрам хрысціянскага жыцця ў так званым рэлігійным раёне Дохі. Тут размешчана некалькі іншых хрысціянскіх цэркваў.

Біскуп Берардзі ўжо даўно плануе пабудаваць больш каталіцкіх касцёлаў. Вікарыят Паўночнай Аравіі ўключае ў сябе таксама такія краіны, як Бахрэйн і Саудаўская Аравія – становішча хрысціянскіх супольнасцей там вельмі рознае.
 

10 студзеня 2024, 11:08