Пошук

Экуменічная малітва Экуменічная малітва 

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян: любіць Бога і бліжняга

18 студзеня 2024 года ў Касцёле распачнецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. Аб гэтым на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Ватыкане 17 студзеня, нагадаў Францішак.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сёлетні Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян будзе прысвечаны тэме: “Любі Пана Бога твайго і любі бліжняга свайго, як самога сябе”. “Я заклікаю вас маліцца, каб хрысціяне дасягнулі поўнага адзінства і аднадушна сведчылі любоў да ўсіх, асабліва да самых уразлівых”, - заахвоціў вернікаў Францішак.

Каталіцкі Касцёл удзельнічае ў штогадовай ініцыятыве Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян ужо больш за пяцьдзясят гадоў. Хрысціянскія цэрквы і супольнасці праводзяць яго кожны год з 18 па 24 студзеня.

Сёлета матэрыялы для правядзення Тыдня падрыхтавала экуменічная група з Буркіна-Фасо разам з мясцовай супольнасцю Chemin Neuf.

Хрысціянская супольнасць Буркіна-Фасо складае каля 20% насельніцтва. Большая частка краіны, каля 64%, вызнае іслам, а каля 9% насельніцтва прытрымліваецца традыцыйных афрыканскіх рэлігій.

Сёлета хрысціянская меншасць Буркіна-Фасо “перажывае вельмі складаную сітуацыю пераследу і насілля”, - распавёў супрацоўнік Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, айцец Хуан Усма Гомес.

Тым не менш, "самым важным з'яўляецца тое, што супольнасць, якая пераследуецца, запрашае нас маліцца пра міласэрнасць, любіць нашых бліжніх, любіць усіх тых, хто побач з намі, натхняцца прыпавесцю пра добрага Самараніна", - дадаў ён.

Айцец Гомес удакладніў, што кожны персанаж у прыпавесці з'яўляецца сімвалам: Самаранін увасабляе Хрыста, чалавек, якога абрабавалі і пакінулі паміраць, увасабляе Адама або ўсё чалавецтва, а заезд, дзе яго прымаюць, увасабляе Касцёл, які павінен клапаціцца пра ўсіх, незалежна ад рэлігіі, паходжання, расы або супольнасці.
 

17 студзеня 2024, 12:58